СЁННЯ РЭПЕТЫЦЫЯ, ЗАЎТРА – ПРЫЗНАННЕ

Молодежный курьер

Хобі ў кожнага можа быць розным. Нехта бавіць час за вудай ці ходзіць на паляванне, нехта вяжа або вышывае, а камусьці вялікае задавальненне дастаўляе тая ж філатэлія. Хлопцаў, пра якіх пойдзе гутарка, аб’яднала любоў да музыкі. Праз месяц споўніцца роўна год, як заўзятыя музыканты-аматары з Валожына вырашылі стварыць уласны гурт. У жарт назвалі яго “No Name”, што ў перакладзе з англійскай мовы азначае “Без назвы”. Аднак часовы варыянт наймення нечакана ператварыўся ў паўнацэннае імя, з якім гурт сёння крочыць ад канцэрта да канцэрта…

СУГУЧНЫ СЭРЦЫ З РЫТМАМ “ROCK”

З маладымі людзьмі я сустрэўся падчас чарговай іх рэпетыцыі. Яшчэ на падыходзе да раённага Цэнтра культуры, дзе Дзмітрый Завадскі, Юрый Ганчарык, Андрэй Саўчук, Аляксандр Санюковіч, Аляксей Бібік і Андрэй Барыгін адточваюць інструментальнае майстэрства некалькі разоў на тыдзень, мяне сустрэў магутны струнны бас і пранізліва-гарманічны дысторшн рытм-гітары. Хлопцы “разаграваліся”, найграваючы адну з папулярных у маладзёжным асяроддзі песень “Крамбамбулі”. На канцэртах, якіх, нягледзячы на зусім “юны” ўзрост гурта, у “No Name” было ўжо чатыры, гэта мелодыя нязменна сустракаецца на ўра. Тым не менш, маладыя людзі зусім не імкнуцца іграць тое, што ўжо прагучала да іх. Цяпер поп-рок-музыканты цвёрда намерваюцца пракласці свой асабісты шлях да прызнання, падарыўшы слухачам ноты і словы, што нарадзіліся ўнутры самога гэтага калектыву. Балазе, ёсць у іх уласны паэт і кампазітар – Дзмітрый Завадскі. Аранжыроўку ж робяць ужо сумесна. І, трэба заўважыць, на выхадзе маюць сапраўды прыгожы “прадукт”…

ЗБІРАЮЦЦА, КАБ ТВАРЫЦЬ

…Юра першым вынес на агульнае абмеркаванне прапанову сабрацца разам і паспрабаваць нарэшце абудзіць музычнае жыццё маладзёжнай Валожыншчыны. Ідэя падалася астатнім цікавай і ў нечым нават спакуслівай. Сапраўды, чаму б не правесці тую ж дыскатэку не так, як звычайна, а пад гукі жывой музыкі? А калі шасцёра хлопцаў сабраліся на першую рэпетыцыю, выявілася, што падобная мара не такая ўжо і недасягальная. Агульны ўзровень валодання інструментамі аказаўся дастаткова высокім – у гэтым творчым калектыве амаль усе прафесіянальныя музыкі. Галоўная праблема паўстала з правядзеннем рэпетыцый: кожны з гэтых маладых людзей працуе ці вучыцца, у некаторых ёсць свае сем’і. Таму магчымасцю творча разнастаіць жыццё займаюцца выключна ў вольную хвіліну, звычайна па вечарах. Сёння “на ўзбраенні” маюць каля дзясятка кампазіцый рознай жанравай скіраванасці і аўтарства. Напрыклад, першую інструментальную мелодыю пад назвай “Intro”, з якой і дэбютавалі летась на маладзёжнай пляцоўцы падчас святкавання Дня горада, маладыя людзі прыдумалі самі. І першая прадастаўленая на суд слухачоў песня была таксама іх калектыўнага аўтарства. У гэтым накірунку і маюць намер рухацца далей, узбагачаючы свой стыль ігры – класічны рок – элементамі хэві-метала і, як не дзіўна, поп-фолька. Гучыць усё гэта нестандартна, але цікава.

ЦІХІ ПОСПЕХ ЛЕПШ, ЧЫМ “ЗОРНЫ” БЛЯСК…

Заваяваць аўтарытэт аўдыторыі няпроста. “Но-нэймаўцы” выдатна памятаюць, з якім хваляваннем першы раз выходзілі на сцэну і як потым грэлі душы заслужаныя апладысменты. Але на маё пытанне пра тое, ці хацелася б ім выступіць на вялікай эстраднай сцэне, адказалі нават трохі нечакана – адмовай. “Аднойчы “засвяціцца” і потым назаўсёды патануць у бязмежнай музычнай прасторы – не тое, чаго б нам хацелася, – дзеліцца агульнымі меркаваннямі рытм- і сола-гітарыст гурта Аляксандр Санюковіч. – А каб здолець застацца на плаву, трэба было б кінуць працу і займацца толькі музыкай, прысвячаць увесь час рэпетыцыям. Да гэткіх адчайных крокаў ніхто з нас не гатовы. Тым больш, што ўдзел у канцэртах, выступленні – гэта толькі агульнае хобі нашага калектыву, але зусім не прафесія”.

Што ж, пэўны поспех і прызнанне ў раённым маштабе яны ўжо займелі. Ці задаволяцца гэтым – пакажа час. А сёння хлопцы з задавальненнем музыцыруюць і шчыра спадзяюцца, што іх прыклад дапаможа раскрыць парасткі таленту і сярод іншай моладзі. Стане куды цікавей спаборнічаць творчымі сіламі: здаровая канкурэнцыя заўсёды стымулюе развівацца і прафесійна расці!

Сяргей САДОЎСКІ.

 



Добавить комментарий