За радком гісторыі

Культура

Сядзіба Рушчыцаў займала маляўніча перасечаную тэрыторыю каля вёскі. Цэнтральная ўязная алея працягласцю 240 м вяла да сядзібнага двухпавярховага дома, пабудаванага на ўзвышшы. Дом быў каменны, даволі няўтульны і называўся “мураванкай” або “пусткай”. У ім Рушчыцы фактычна не жылі. Зімой, каб пазбегнуць сырасці, час ад часу тапілі печы-галандкі. У будынку размяшчалася вялікая бібліятэка, а на другім паверсе – майстэрня мастака. Сядзібны дом, відаць, паслужыў прататыпам яго карціны “Пустка” (1901). Дом згарэў у ліпені 1944 года. Бібліятэка і частка архіва зніклі ў 1939-1940 гг.

 

Памешчык Цітус Надароўскі здаваў у арэнду мешчаніну Мордуху Старобінскаму смаляны завод ва ўрочышчы Вуглы Ракаўскай воласці. У 1880 г. на ім атрымалі 270 вядзёр шкіпінару і 750 вядзёр смалы, усяго на 375 рублёў.

Часцей вёскі Валожыншчыны ў XIV-XVII стст. адносіліся да невялікіх паселішчаў. Так, у пачатку XVIII ст. у вёсках Валожынскага маёнтка налічвалася ад 1 да 30 двароў. У вёсках фальварка Доры – ад 1 да 15 двароў. Існавалі і вялікія сельскія паселішчы. Паводле інвентара 1626 г., у вёсках Забрэззе і Узбалаць налічвалася каля 70 двароў у кожнай.

Галоўным заняткам насельніцтва Валожыншчыны са старажытных часоў з’яўлялася земляробства. Пра даволі высокі ўзровень гаспадаркі ў гэтым рэгіёне сведчаць, напрыклад, хронікі крыжакоў XIV ст. У іх адзначаецца, што ў наваколлі Валожына і Бакштаў можна знайсці значныя запасы розных сельскагаспадарчых прадуктаў.

Земляробчыя прылады працы складаліся з ворных (саха, барана) і ручных (серп, каса, цэп і г. д.). Пры ворыве выкарыстоўвалася “літоўская” саха, якая была прыстасавана для пары валоў. У якасці баронаў ужываліся так званыя “сукаваткі”, а таксама пляцёныя бароны. Асноўнай прыладай для жніва служыў серп. Касой карысталіся не толькі ў час сенакосу, але і пры ўборцы пшаніцы.

Пры Эдмундзе Здзяхоўскім у 1889 г. паморшчызнянскі вінакурны завод за год перапрацаваў 3866 чвэрцяў бульбы вагой 34800 пудоў на суму 5120 руб. і 200 чвэрцяў жыта вагой 1800 пудоў на суму 1080 руб.

 

З 1866 г. дзейнічаў скураны завод Мордуха Каплана ў Вішневе. Пры двух рабочых у 1894 г. ён апрацаваў 400 скур на 2 тысячы руб. У Ракаве скураной вытворчасцю займаліся селянін Норберт Вайякховіч (1880 г. – 50 скур на 300 руб.) і мешчанін Абрам Гельпер (1880 г. – 70 скур на 240 руб). Збывалася іх прадукцыя на месцы.

Здзяхоўскія імкнуліся не адставаць ад навукова-тэхнічнага прагрэсу. Не прайшла па-за іх увагай і такая навінка канца XIX стагоддзя, як тэлефон. У адказ на сваю просьбу Э. Ф. Здзяхоўскі 20 снежня 1896 г. атрымаў дазвол на ўсталяванне тэлефоннай сувязі паміж жылым домам і канторай упраўляючага маёнткам Ракаў (100 сажняў) і паміж маёнткам Ракаў і фальваркам Паморшчызна (1 вярста 200 сажняў).

 



Добавить комментарий