ЗЯМЛЯК ДАЎ КАНЦЭРТ…

Люди и судьбы

З вялікай радасцю скарысталі валожынцы магчымасць пабываць на канцэрце нашага знакамітага земляка, ураджэнца Сакаўшчыны Валянціна Сухадольца, які прайшоў у Маладзечанскім Палацы культуры.

Жадаючых пачуць лірычны голас экс-удзельніка “Хору Турэцкага”, а цяпер вядомага ў Расіі, Еўропе спевака, ледзь умясціла прасторная зала. Палову месцаў Валянцін Іванавіч на льготных умовах забраніраваў спецыяльна для жыхароў нашага раёна. Тэнар парадаваў слухачоў сваім рэпертуарам, які ўключыў шматлікія музычныя творы ад оперных спеваў і брадвейскіх мюзіклаў да народных песень. Акампаніраваў яму Заслужаны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь Маладзечанскага дзяржаўнага музкаледжа імя М. К. Агінскага пад кіраўніцтвам Рыгора Сарокі.

Дзве гадзіны выдатнага настрою, якія наш зямляк падарыў удзячнай публіцы, праляцелі незаўважна. Асаблівай урачыстасцю азначыўся момант, калі Валянцін запрасіў на сцэну сваю першую настаўніцу з Вішнеўскай музычнай школы Ганну Антонаўну Зянько, якая некалі адкрыла ў сакаўшчынскім хлапчуку будучага вялікага артыста.

Сяргей САДОЎСКІ.

 



Добавить комментарий