І ПАПРАЦАВАЛІ, І СЯБЕ ПАКАЗАЛІ

Общество

Сёлета ўпершыню з’езд Саюза палякаў Беларусі адбыўся ў сталіцы, звычайна гэты прадстаўнічы форум прымала Гродна. Ад нашага раёна ўдзел у рабоце з’езда прымалі шэсць дэлегатаў. Яшчэ некалькі членаў Івянецкага пасялковага аддзялення прадставілі свае творчыя дасягненні.

Перад удзельнікамі з’езда стаяла задача выбраць новае кіраўніцтва Савета СПБ, што і было выканана. У якасці ганаровых гасцей на форуме прысутнічалі консул Рэспублікі Польшча ў Беларусі, а таксама дэлегацыя Польскай грамадскай арганізацыі “Самаабарона”, якая зараз актыўна супрацоўнічае з ГА “Белая Русь”.

Для дэлегатаў была прадугледжана цікавая культурная праграма: экскурсія па Мінску, наведванне Нацыянальнай бібліятэкі і Тэатра музычнай камедыі.

На культурным небасхіле не засталіся не заўважанымі і івянчане.

На працягу двух дзён івянецкі народны ансамбль “Журавінка” радаваў удзельнікаў мерапрыемства цудоўным выкананнем польскіх песень.

Мнагалюдна было і каля выставы нашых самабытных майстроў. Шмат водгукаў захаплення гучала ў адрас саламяных вырабаў аўтарства Леанарды Капусты, ацанілі гледачы і талент рэзчыка па дрэве Мікалая Задрэйкі, не праштырхнуцца было каля маляўнічых ткацкіх палотнаў Вітольда Малюткі.

Станіслаў БУРАЧЭЎСКІ, старшыня Івянецкага пасялковага ГА «Саюз палякаў на Беларусі».

 



Добавить комментарий