ТЭЛЕБАЧАННЕ НОВАГА СТАГОДДЗЯ: пытанні і праблемы

Общество

З 1 лютага 2015 года згодна дзяржаўнай праграме па пераходзе на лічбавае тэлевізійнае вяшчанне на тэрыторыі Валожынскага раёна спыніцца трансляцыя аналагавага тэлевізійнага сігнала. Што гэта значыць для радавога гледача і што трэба зрабіць, каб не застацца без тэлевізійнага акна ў свет? З гэтымі пытаннямі карэспандэнт «Працоўнай славы» звярнуўся да начальніка Валожынскага ўчастка Маладзечанскага філіяла ААТ «Віцязь» Аляксандра СІКОРСКАГА.

– Аляксандр Іванавіч, з якой нагоды запланаваны ўсе гэтыя змяненні, якія – не сакрэт – для многіх здаюцца толькі крыніцай незапланаваных клопатаў і турбот?

– Пераход з аналагавага на лічбавы фармат тэлевізійнага вяшчання – сусветная тэндэнцыя. Сучасныя тэхналогіі дазваляюць з аднаго боку зрабіць перадачу тэлепраграм прынцыпова больш якаснай, з другога – адчувальна знізіць неабходныя для трансляцыі затраты. Пасля пераходу на «лічбу» такія з’явы, як «снег» на экране, шыпенне, знікненне колеру назаўсёды сыдуць у нябыт. Трэба будзе забыцца і на звыклыя выразы накшталт «мой тэлевізар дрэнна «бярэ» гэты канал» ці «у нашай вёсцы прымаецца толькі адна праграма». Сам прынцып лічбавай трансляцыі робіць падобныя сітуацыі здабыткам мінулага. Новы стандарт забяспечвае заўсёды бездакорную «карцінку» і выдатны гук паўсюды ў зоне пакрыцця.

– Якім чынам жыхары раёна адчуюць на сабе запланаваныя змены?

– Па-першае, будучыя змены ніяк не закрануць жыхароў шматкватэрных дамоў райцэнтра. Сюды сігнал трапляе па кабелі, а не з эфірнага вяшчання. Жыхары ж прыватнага сектара горада і вяскоўцы мусяць адпаведным чынам падрыхтавацца.

– Што трэба зрабіць, каб не застацца без любімых праграм?

– Для таго, каб прымаць праграмы ў новым фармаце, уладальнікам старых тэлевізараў прыйдзецца набыць лічбавую прыстаўку, кошт якой на сёння складае каля паўмільёна рублёў. У Беларусі іх распрацоўваюць такія вядучыя вытворцы, як «Віцязь» і «Гарызонт». Маюцца і кітайскія аналагі, якія хаця і таннейшыя, але ж пазбаўлены фірменнай гарантыі. У якасці антэны можна будзе прымяняць тыя польскія мадэлі, якія карыстаюцца папулярнасцю і шырока распаўсюджаны ў нас. Такія антэны будзе дастаткова проста правільна зарыентаваць у прасторы. Уладальнікам жа старых альбо самаробных антэн трэба будзе набыць новую. На значнай частцы тэрыторыі раёна будзе дастаткова недарагой настольнай антэны.

– Калі пачнецца афіцыйнае вяшчанне ў лічбавым фармаце? Ці можна ўжо сёння глядзець тэлевізар у лепшай якасці?

– Лічбавае вяшчанне ў раёне вядзецца ўжо цэлы год, і сёння кожны можа ім вольна карыстацца. Зараз у бясплатны пакет уваходзіць 8 тэлевізійных каналаў і першы канал нацыянальнага радыё, глядзець і слухаць якія можна бясплатна. У бліжэйшай перспектыве чакаецца запуск і платных камерцыйных пакетаў. Дарэчы, і прыстаўкі для прыёму лічбавага тэлевізійнага сігнала паступілі ў продаж у магазіны дастаткова даўно.

– Ці шмат людзей перайшло ўжо на новы фармат?

– Пакуль што зусім мала. Напэўна, спрацоўвае звычка «цягнуць да апошняга». Але ж да часу «ікс» застаецца амаль што два гады, таму думаю, што падрыхтавацца паспеюць усе.

– Кошт абсталявання, патрэбнага для прыёму тэлепраграм у новым фармаце, для кагосьці можа паказацца занадта вялікім. Ці не стане ўвядзенне навінкі канцом тэлебачання для найменш забяспечаных катэгорый грамадзян?

– Спадзяюся, што не. Па-першае, службамі сацыяльнай абароны насельніцтва ў межах дзяржаўнай праграмы па ўкараненні лічбавага тэлевізійнага вяшчання вядзецца маніторынг у гэтым рэчышчы. Для тых шматдзетных сем’яў, сем’яў з дзецьмі-інвалідамі, адзінокіх пенсіянераў, ветэранаў вайны, інвалідаў, выпускнікоў інтэрнатных устаноў з ліку дзяцей-сірот, чыё фінансавае становішча не дазваляе набыць патрэбнае абсталяванне, чакаецца адпаведная дапамога. Усе ж астатнія маюць магчымасць набыцця прыставак у растэрміноўку.

– Аляксандр Іванавіч, куды могуць звярнуцца жыхары раёна, якія маюць пытанні з нагоды пераходу на новы фармат вяшчання?

– За кансультацыямі можна звяртацца да спецыялістаў Валожынскага ўчастка ААТ «Віцязь» па тэлефоне 54-8-44.

Гутарыў Андрэй ЗАХАРАНКА.

 



Добавить комментарий