ТРУБІЦЬ НА ЎВЕСЬ СВЕТ…

Общество

XV адкрыты абласны дзіцячы конкурс “Залатая труба” стаў удалым для юнай саксафаністкі з Валожына.

У Стоўбцы, дзе праходзіла музычнае спаборніцтва выканаўцаў на духавых і ўдарных інструментах, з’ехаліся ўдзельнікі не толькі з Беларусі, але і з Расіі, Украіны, Польшчы і Германіі.

Творы сусветнай і беларускай спадчыны юныя музыкі выконвалі на досыць самабытных інструментах. Са сцэны ліліся гукі флейты, кларнета, валторны, габоя, фагота, саксафона, трубы, тэнара-горна і трамбона, а таксама шматлікіх ударных.

Кожны ўдзельнік прадстаўляў сваю музычную школу альбо сярэднюю школу з музычным і агульнаэстэтычным ухілам.

На конкурсе ад Валожынскай дзіцячай школы мастацтваў выступіла дзесяцігадовая Яна Прыёмка. Дзяўчынка сыграла на саксафоне “Карусель” А. Браю і “Раманс” І. Мангушава. Дзякуючы стараннасці юную артыстку ўзнагародзілі дыпломам “За актыўны ўдзел у конкурсе”.

Для Яны было адказна і хвалююча выступаць перад сур’ёзным журы, старшынямі якога былі такія мэтры, як народны артыст Беларусі, дацэнт БДАМ М. І. Берсан і прафесар Маскоўскага інстытута ваенных дырыжораў А. В. Лебядзінскі.

Конкурс праводзіўся пры падтрымцы Беларускай асацыяцыі духавых аркестраў і ансамбляў. Ён прысвячаўся памяці заслужанага работніка культуры Беларусі Івана Янкоўскага.

Алена ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий