Адкрытае першынство па настольным тэнісе сярод хлопчыкаў і дзяўчынак прайшло ў гімназіі № 1 райцэнтра.
На матчавыя сустрэчы сабраліся юныя майстры ракетак з гарадскіх, Ракаўскай і Гародзькаўскай школ. Неўзабаве прывіталі яны і сваіх аднагодкаў з Дзяржынска, якія таксама прыехалі паспрачацца за перамогу.
Спаборніцтвы ладзіліся па дзвюх узроставых катэгорыях – першымі правялі свае партыі хлопчыкі і дзяўчынкі 1999-2001 гадоў нараджэння, другімі выступалі тыя, хто нарадзіўся ў 2002 годзе і пазней. У старэйшай узроставай групе перамогу святкавалі вучні гімназіі № 1 Васіль Трус і Вікторыя Барахоўская, выхаванцы трэнера Дзмітрыя Ажарэльева. Другое месца дасталося дзяржынскаму спартсмену. Замкнула ж тройку лідараў ракаўчанка Алёна Бойчанка. Сярод малодшых школьнікаў мацнейшай аказалася Вераніка Дзянісік з Ракаўскай школы, бронзавымі прызёрамі першынства сталі гімназісты Кацярына Мініна і Раман Ляшкевіч.
Сяргей САДОЎСКІ.