НЯСТОМНЫ ПРАЦАЎНІК

Общество

18-19 красавіка праходзіць агульнарэспубліканская медыцынска-асветная акцыя “Разам да здаровага сэрца”.

Ні адзін з самых дасканалых рухавікоў не зможа нават 60 гадоў адпрацаваць без адзінага спынення, як гэта робіць сэрца. Яно можа працаваць без перабояў і сто гадоў, калі яго не прыгнятаць нездаровым ладам жыцця, не натруджваць стрэсамі, не засмучаць шкоднымі звычкамі.

У асноўным сэрца губяць гіпертанія і ішэмічная хвароба – парушэнне работы сэрца ў сувязі з недастатковасцю яго кровазабеспячэння. Фактарамі рызыкі ішэмічнай хваробы з’яўляюцца павышанае ўтрыманне халестэрыну ў крыві, у значнай меры звязанае са спажываннем высокакаларыйнай, багатай насычанымі тлустымі кіслотамі ежы, залішняя вага, гіпадынамія, курэнне, гіпертанія, эмацыянальны стрэс.

Захворванні сардэчна-сасудзістай сістэмы скарачаюць жыццё на 10-15 гадоў.

У першую чаргу сэрцу шкодзяць перагрузкі: занадта актыўны лад жыцця, напружаны працоўны рытм, пастаянныя стрэсы, сон урыўкамі. Фізічная актыўнасць мае велізарнае значэнне для прафілактыкі захворванняў сэрца. Больш рухайцеся, але без знясільваючых перагрузак. Нават простая хада паляпшае настрой, зніжае ўзровень халестэрыну і цукру ў крыві, нармалізуе згусальнасць крыві.

Харчаванне павінна быць рэгулярным і ўключаць натуральныя прадукты: нятлустае мяса, рыбу, малочныя вырабы, кашы, свежую агародніну і садавіну, і ніякага перакусу на хаду. Неабходна абмежаваць спажыванне солі, адмовіцца ад спіртных напояў, тытуню, адарвацца ад тэлевізара і камп’ютара. Апранайцеся згодна з надвор’ем: рэзкія перапады тэмператур негатыўна адбіваюцца на рабоце сэрца.

 

Нават здаровым людзям неабходна праходзіць прафілактычны агляд. Урач навучыць вас распазнаваць раннія сімптомы павышанага артэрыяльнага ціску, прыступу стэнакардыі, кантраляваць пульс і самаадчуванне, сфарміраваць асабістую аптэчку “хуткай дапамогі” і правільна ёю карыстацца.

Святлана НАХАЙ,

інструктар-валеолаг Валожынскага райЦГіЭ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *