КЛЮЧЫ АД МУДРАСЦІ Ў СПАДЧЫНУ…

Культура

Піліп радаваўся, калі яго дарослыя дзеці збіраліся разам у бацькоўскай хаце. Ён глядзеў на іх дарослых і міжволі прыгадваў іх маленства. Гэтак жа дружна некалі яны гадзінамі праводзілі час у вялікім светлым пакоі. Забаўляліся, спрачаліся, а вось сварыліся  паміж сабой рэдка. Таму бацькі не ўмешваліся ў іх адносіны. Дзеці жылі дружнай кампаніяй пакуль не сталі прывозіць дадому нявестак і зяцёў.  З гэтага часу сваяцтва іх стала нейкім размежаваным, нават крыху прагматычным.

Хоць і дарослыя, але ўсё роўна новыя людзі – зяці ды нявесткі – адчувальна паўплывалі на ранейшую сямейную ідылію. Паўплывалі не лепшым чынам. Калі жыла гаспадыня, то ў вясковай хаце ўсім  было ўтульна і бесклапотна. І накорміць, і працай па доме не надта абцяжарыць, усё свякроў і цешча ў адной ролі цярпліва ўзвальвала на свае плечы. А калі Піліп неспадзявана аўдавеў, дзеткам з іх сем’ямі, якія па-ранейшаму прыязджалі ў вёску, давялося больш клапаціцца самім пра сябе: гатаваць ежу, прыбіраць у хаце, працаваць у агародзе.

Неўзабаве ў дужага на выгляд Піліпа здарыўся  інсульт. Спатрэбіўся працяглы курс рэабілітацыі ў бальніцы. І нарэшце ён зноў аказаўся дома. Перамяшчаўся мужчына толькі на інваліднай калясцы. Праводзіў час звычайна ў адзіноце ў сваім пакоі. У гнятлівай цішыні шквалам навальваліся розныя думкі. З трывогай думаў пра сваё будучае, бо гады сілы не дабаўлялі.  І тым не менш мужчына цвёрда рашыў, што ні да каго з дзяцей не паедзе ў горад дажываць свой век. Родныя сцены ні на што не прамяняе. Нават дзеля светлай памяці жонкі, з якой пражылі разам амаль 40 гадоў, ён вымушаны застацца тут. Ды і самому не хацелася, каб родная хата нават часова асірацела. Пакінеш яе толькі на адну зіму, не прыме больш так прытульна і ласкава пад свой дах, нібы і сапраўды вельмі пакрыўдзіцца, што чалавек здрадзіць ёй рашыўся. Аднойчы Піліп ужо спазнаў гэтыя пачуцці, калі пасля цяжкай хваробы два месяцы правёў у сваіх дзяцей у Мінску. Вярнуўся дадому, па якім так сумаваў, прывыкаў да родных сцен, нават хваляваўся пераступаючы знаёмы парог, нібы рэдкі госць. Таму больш такіх перажыванняў на старасці яму ўжо не трэба…

Пасля чарговага прыступу медыкі сказалі, што  Піліпу трэба вельмі берагчыся, а то можа здарыцца непапраўнае, сумнае. Важна захоўваць строгую дыету, без прычыны не хвалявацца. Гэты крытычны стан старога занепакоіў і яго родных дзяцей. Сыны і дочкі змагаліся са сваім унутраным болем, ім было шчыра шкада старога бацьку. Нявесткі, прагназуючы магчымы сумны фінал, ужо нават дзялілі маёмасць. Сыны заўсёды спрабавалі спыніць падобныя  нетактычныя размовы. Яны стараліся, каб бацька нават і не здагадваўся пра заўчасныя маёмасныя разборкі.

Аднойчы да Піліпа ў яго сціплы пакойчык даляцелі абрыўкі некалькіх слоў. Дадумаць сэнс тых “дыскусій” ужо не складала ніякай цяжкасці. Не чакаў ён такой чэрствасці ад сваіх людзей. Стары скурчыўся ў інвалідным крэсле, каб супакоіць сябе самога, шчыльней прыціснуў да апалых грудзей нязграбныя ўжо рукі. Неяк раптам так холадна стала, дрыжыкі пабеглі па спіне. Бессардэчныя словы пяклі знутры і халадзілі звонку. Пра сябе ён цвёрда пастанавіў: “Трэба справіцца з эмоцыямі. Трэба, каб дзеці нават не западозрылі, што ён выпадкова стаў сведкам іх размовы”. Гэтым псіхалагічным аўтатрэнінгам ён займаўся не адзін дзень. І ўрэшце перамог сваю ўнутраную крыўду і боль.

Праз месяц Піліп зусім занядужаў. Старэйшая дачка па яго просьбе прывезла святара. Ці расказаў тады стары бацька духоўніку пра сваю крыўду, – толькі аднаму яму і вядома. Магчыма, так і не рашыўся: каб не пасароміць аўтарытэт сваіх дзетак, якіх любіў усім сэрцам, усёй душой.

У чарговыя выхадныя дзеткі зноў папрыязджалі да бацькі. Ён папрасіў дастаць з шафы святочнае адзенне. Старанна пагаліўся. “Куды гэта ён збіраецца?!” – ніяк не маглі даўмецца родныя. Адказу ім не прыйшлося доўга чакаць. Стары сказаў, што хоча, каб яго на інваліднай калясцы адвезлі ў храм на нядзельную службу. Дзеці запярэчылі: “Дык нядаўна ж святар быў у хаце!” Але бацька не адступаў і цвёрда стаяў на сваім. Прыйшлося ўважыць яго просьбу.

…Дружнай сямейкай стаялі яны ля старога Піліпа ў храме. Знаёмыя людзі з непрыхаванай цікавасцю пазіралі ў іх бок. Піліп быў унутрана сабраны, засяроджаны на нечым вельмі важным. Не адводзячы выцвілых вачэй ад ікон у святыні, ён аслабелымі вуснамі нешта ціха шаптаў. Магчыма, ён прасіў прабачэння за свае грахі, а можа, шаптаў словы шчырай малітвы. Пасля службы вернікі пакінулі храм. А Піліп чамусьці не спяшаўся гэта рабіць. Калі ўлонне святыні амаль апусцела, ён папрасіў падкаціць яго каляску бліжэй да алтара. Дрыжачыя рукі па-здрадніцку выдавалі яго празмернае хваляванне. “Што гэта ён задумаў?!” – занепакоіліся дзеці. Бацька папрасіў, каб яны паклікалі святара. Настаяцель храма  паважліва адгукнуўся на іх просьбу. Піліп доўга не знаходзіў патрэбных слоў. А калі саўладаў з блытанымі шматлікімі думкамі, то сказаў коратка пра самае для яго галоўнае. Ён падкрэсліў, што вельмі ганарыцца сваімі дзеткамі, нявесткамі і зяцямі і жадае ім толькі дабра ў жыцці. І скончыў свой просты маналог фразай, якая для родных, ды, напэўна, і для святара, стала поўнай нечаканасцю. Піліп сказаў, што свой дом ён хоча завяшчаць храму, і папрасіў святара пасля смерці маліцца за яго душу. Дзеці не чакалі такога павароту справы. Таму нават крыху разгубіліся, на іх тварах яскрава адбіліся негатыўныя эмоцыі…

Праз тыдзень Піліпа не стала. А праз год блізкія  сваякі зноў прыйшлі ў храм на памінальную службу. У водблісках запаленых свечак іх твары здаваліся светлымі, спакойнымі. У канцы службы яны, як некалі зрабіў і іх бацька, падышлі да алтара, каб сустрэцца з настаяцелем храма. Падышлі, каб павініцца за некалішнія свае хцівыя намеры наконт  дома, каб падзякаваць Богу за бацькава мудрае рашэнне ахвяраваць дом мясцоваму храму.

“Было б інакш, – цяпер з разуменнем разважалі яны, – мы перасварыліся б паміж сабой, ворагамі, магчыма, назаўсёды сталі б. А так і цяпер жывём дружна…”

Праўда, нашчадкі пашкадавалі, што так позна зразумелі, як мудра і павучальна зрабіў іх бацька, калі завяшчаў ім у спадчыну галоўнае – жыць без спрэчак і разладу, жыць па-сваяцку сардэчна.

Застаўся ў іх душах і цёплы, як жытнёвы смачны хлеб, успамін пра родную хату ў вёсцы. Да яе цяпер заўсёды ляжыць светлая дарога. Няхай сабе толькі ў памяці…

Ірына ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий