У ПАДАРУНАК… ПТУШЦЫ

Общество

Да сустрэчы вестуноў вясны падрыхтаваліся школьнікі раёна.

Яшчэ пару дзянькоў і дагэтуль ціхі нябесны блакіт напоўніцца радаснымі спевамі птушак, якія прыляцелі з зімоўкі. Першымі дадому вяртаюцца гракі. За імі спяшаюцца дзікія гусі, качкі, жураўлі, чайкі. Вось-вось да іх далучацца дразды, заранкі, зелянушкі, зяблікі, уюркі і аўсянкі. У чаканні прылёту птушак дзеці і падлеткі раёна змайстравалі і адрамантавалі 280 шпакоўняў і захавалі 121 гнездаванне. У школах раёна прайшла акцыя “Падары дом птушкам”. Яе мэтай былі не толькі выраб штучных гняздовак, але і ахова ўжо існуючых, а таксама прывабліванне на гнездаванне буслападобных.

Лепш за ўсіх да сустрэчы пералётных падрыхтаваліся вішнеўскія школьнікі. Птушыныя сем’і, якія вернуцца з далёкага “турнэ”, змогуць пасяліцца ў бясплатных “кватэрах”. Юныя аматары прыроды вырабілі для іх 95 шпакоўняў, арнітолагі-школьнікі захавалі 21 гнездаванне.

Дзеці дапамагаюць не толькі птушкам, якія прыбываюць з заморскага вандравання, але і не забываюць тых, што застаюцца зімаваць на радзіме. Напрыклад, у гэтую лютую зіму на прышкольных тэрыторыях было развешана 325 кармушак з падкормам.

Алена ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий