Усе адценні польскага…

Общество

Працоўная міграцыя – звыклая справа, цяпер яна набыла нават міжкантынентальны характар. З суседняй Рэспублікі Польшча прыехала працаваць у Івянецкі Дом польскі і пані Бажэна Гаворска-Александровіч. За яе плячыма ўніверсітэцкая адукацыя, яна мае філалагічную спецыяльнасць. Ужо ў сталым узросце, будучы кіраўніком навучальнай установы, у абавязковым парадку ёй прыйшлося скончыць і Эканамічную акадэмію ў Катавіцах. Пані Бажэне 54 гады. Гэта чалавек поўны энергіі, творах задум і шчырых адносін да людзей, якіх сустрэла ў Івянцы, якім спаўна аддае свае веды, талент, шчырую любоў да роднай польскай мовы, культуры і традыцый свайго народа.

– Пані Бажэна, цікава даведацца, як Вы аказаліся ў Івянцы?

– Па прафесіі я настаўніца-філолаг. На пенсію пайшла раней, чым абумоўлена ўзростам. Гэта было выгадна і з фінансавай пазіцыі. У педагагічнай сферы я адпрацавала 33 гады, дзесяць з іх узначальвала навучальную ўстанову, па статусу нешта накшталт беларускага ліцэя. У Польшчы ў адрозненне ад Беларусі пенсіянеры найчасцей застаюцца беспрацоўнымі. Я ж па натуры чалавек актыўны, дапытлівы. І калі амаль у 50 гадоў стала пенсіянеркай, не ведала, чым сябе заняць. Пачала шукаць падыходзячы занятак па Інтэрнэту. Падключыліся да гэтай справы і мае дзеці. Малодшы сын жыве ў Варшаве, ён і падказаў, што патрэбны настаўнікі польскай мовы для работы па кантракту ў краінах Усходняй Еўропы. Кадры падбіралі для Украіны, Беларусі, Казахстана і інш. Я адправіла сваё рэзюмэ ў Міністэрства народнай адукацыі Польшчы. Праз два дні раздаўся тэлефонны званок з Варшавы. Мне прапанавалі паехаць у Беларусь. І нават канкрэтнае месца будучай працы  назвалі – Івянец. У 2008 годзе я ўпершыню апынулася тут.

Жывучы ў Польшчы, я шмат чула пра Беларусь, і, шчыра скажу, пераважна гэта была негатыўная інфармацыя. Таму нават пабойвалася ехаць сюды, ды і сябры настойліва адгаворвалі. Але аказалася, што мае перасцярогі былі дарэмныя…

– Успомніце пра свой першы прыезд у нашу краіну.

– У Мінск дабіралася цягніком. У незнаёмым горадзе мяне сустрэў вадзіцель польскага консульства. Усе мае страхі, перажыванні развеяліся ў першыя ж хвіліны, пакуль мы ехалі па горадзе. Мінск уразіў сваёй прыгажосцю, светлымі фарбамі!  Ад душы скажу, што ён не ўступае ніводнай еўрапейскай сталіцы!

Пазней яшчэ не раз прыязджала сюды. Падабаецца яго гістарычная частка, сучасныя забудова, інфраструктура. А вуліцы шырокія, як акіян. Я не магу гэтага камфорту не адчуваць, бо часта перамяшчаюся па Мінску на ўласнай машыне.

Гарпасёлак Івянец з першых хвілін таксама спадабаўся сваёй ціхай правінцыяльнасцю, прыветлівымі тварамі мясцовых жыхароў. На двары тады стаяла глыбокая восень, калі зайшла ў Дом польскі, там было вельмі зімна. Але настрой хутка ўзняўся. Сустрэлі мяне тут цёпла, гасцінна. Неўзабаве трапіла на рэпетыцыю івянецкай “Крэсавянкі”. Як толькі артысты пачалі спяваць, ад замілавання аж заплакала. І ў той жа дзень напісала верш, у беларускім перакладзе яго галоўныя радкі будуць гучаць прыкладна так: “Тут хлебам і спевамі прывітаў мяне Бог!”

Чым больш знаёмілася з гэтым краем, людзьмі, тым больш назапашвалася пазітыўных эмоцый, тым хутчэй развейвалася мая ранейшая насцярожанасць у адносінах да вашай краіны.

Мне падабаецца добразычлівасць беларусаў, адкрытасць іх характару. Тут чалавек шчыра адносіцца адзін да аднаго, тут менш інтрыг. Тут калі чалавек смяецца, то ў яго і вочы смяюцца. А на Захадзе ў людзей у асноўным “прыклееная” ўсмешка. Там кожны жыве па меркантыльнаму прынцыпу: для сябе і пад сябе…

Праўда, у час майго знаходжання ў Івянцы быў і кароткачасовы перыяд, калі з былым кіраўніком Дома польскага на дзелавым узроўні ў нас былі няпростыя адносіны. Гэта сур’ёзна адбілася і на маім здароўі. Але падтрымка многіх тутэйшых людзей вельмі дапамагла мне. Чым бліжэй знаёмлюся з івянчанамі, тым больш блізкім і нават дарагім становіцца для мяне гэты гарпасёлак. Калі прыязджаю ў Польшчу, то нават мае сяброўкі раўніва зазначаюць: “Ты тут, а сэрца і думкі твае там…”

– Выкладаючы ўрокі польскай мовы, якія задачы Вы адносіце да прыярытэтных?

–  Я вяду заняткі ў дзіцячай і дарослай групах. Вывучаць польскую мову пажадалі больш за сто чалавек. Пазнанне мовы паглыбляе інтэлект, пашырае кругагляд. Таму імкнуся даць глыбокія веды. Важна не толькі навучыцца без памылак пісаць і гаварыць,  добра ведаць арфаграфію, важна і дарослым, і дзецям пазнаць мову праз пласты нашай багатай культуры, гісторыі.

Калі бяром для чытання нейкі ўрывак, фрагмент польскага тэксту па гісторыі і перакладаем яго, то мы міжволі абагачаем сябе новымі ведамі, пазнаём жыццё асоб, якія шмат значылі для нашай дзяржавы. Гэта не толькі агульнавядомыя персоны мінулых стагоддзяў – Міцкевіч, Манюшка, Шапэн і многія іншыя, але і нашы сучаснікі. На сваіх уроках планую знаёміць і дарослых, і дзяцей з выдатнымі людзьмі не толькі Польшчы, але і іншых краін Еўропы. Сусветная ж культура не мае нацыянальных межаў…

– Цікава, як Вы, прафесіянальны педагог, ацэньваеце ўмовы, створаныя ў нас для станаўлення і развіцця асобы?

–  Што ў вашай краіне даволі высокі ўзровень асветы, духоўнай культуры, адчуваецца ўжо нават і ў Івянцы. У невялікім мястэчку працуе агульнаадукацыйная школа, функцыянуе музей, у Доме культуры амаль пастаянна ладзяцца нейкія мерапрыемствы, школьнікі наведваюць дзіцячы Дом творчасці і г. д. Яшчэ геніяльны Гётэ сказаў: “Дзе чуеш спевы – туды ідзі. Там людзі добрыя сэрцы маюць!”

У Івянцы ёсць чым заняцца і падлеткам, і моладзі. Дзеці, якія наведваюць мае ўрокі польскай мовы, жывуць у напружаным рытме: ім і на ўрокі трэба паспець, і секцыі спартыўныя наведаць, музычную школу не прапусціць, і ў гуртках па інтарэсах пабываць. Такая загружанасць толькі на карысць! Добра, што дзяржава траціць на гэтыя мэты грошы,  што яна заклапочана выхаваннем школьнікаў, будучыняй маладога пакалення. У нас жа ў Польшчы гурткі па інтарэсах для дзяцей, іншыя аматарскія аб’яднанні – гэта ўжо вельмі далёкая гісторыя. Яны існавалі хіба толькі ў той час, калі яшчэ я хадзіла ў школу…

Падабаецца мне, і як праводзяцца ў вас святы, разнастайныя ўрачыстыя мерапрыемствы. Запомнілася святкаванне 9 Мая, калі ўшаноўвалі ветэранаў вайны. Вельмі кранае сэрца, калі бачыш побач з ветэранамі прыбраных, прыгожых дзетак. Гэта ж усё вельмі важныя аспекты выхавання, я як педагог цаню такія моманты.

– Ужо на працягу многіх стагоддзяў  шматлікія славутыя асобы звязваюць гістарычнымі, творчымі, сяброўскімі вузамі нашы два народы-суседы. Хачу папрасіць Вас пашырыць гэты хрэстаматыйны кантэкст. На якіх выдатных людзей Вам сёння хацелася б звярнуць увагу і пашырыць кругагляд нашых чытачоў?

– Многім вядома трылогія польскага пісьменніка Генрыка Сянкевіча “Агнём і мячом”, “Пан Валадыёўскі”, “Патоп”. Дзесяць гадоў скрупулёзна збіраў ён матэрыялы, дакументальныя звесткі для сваіх твораў. У трылогіі шмат апісанняў, звязаных з рэальнымі гістарычнымі падзеямі, мясцінамі на тэрыторыі Беларусі.

Нядаўна я пабывала ў Старых Васілішках, што каля Ліды. Там у 1939 годзе нарадзіўся славуты спявак, кампазітар Чэслаў Выджыцкі, які ў Польшчы больш вядомы як Неман. Гэта ідэал маіх маладых гадоў, ды і сёння яго творчасць моладзь вельмі абажае. Ён і цяпер па папулярнасці такі, як у вас некалі быў Уладзімір Высоцкі. Не магу не ўспомніць і Юльюша Славацкага – літаратара эпохі рамантызму, паэта, драматурга. А таксама Цыпрана Каміля Норвіда – сучасніка Шапэна,  а таксама Адама Міцкевіча, з якім яны разам нейкі час жылі ў эміграцыі ў Парыжы. Яго доўгі час як бы не заўважалі, а потым вярнулі былую славу і прызнанне. Варта пазнаёміцца і з паэзіяй лаўрэата Нобелеўскай прэміі Віславы Шымборска, якая жыве ў Кракаве. У яе вершах столькі пазітыўнай энергіі! У пантэоне польскай літаратуры і імя лаўрэата Нобелеўскай прэміі Чэслава Мілаша, а таксама Яраслава Івашкевіча. Усім, хто цікавіцца польскай літаратурай, раю пачытаць вершы ксяндза Яна Твардоўскага. На жаль, яго ўжо не стала. Ён пісаў кароткія, у тым ліку і гумарыстычныя вершы. Яго ў нас вобразна параўноўвалі з мурашом, які па крупінках збіраў простыя жыццёвыя факты і ўмела ўвасабляў іх у кароткую па форме, павучальную філасофію.

– З невялікім перапынкам Вы правялі ў Беларусі каля двух гадоў.  Цікава, дзе ўжо паспелі пабываць у вольны ад працы час?

– Была ў оперным тэатры,  у філармоніі. Убачанае прыемна ўразіла. Лічу, што галоўныя знаёмствы з беларускай культурай у мяне яшчэ наперадзе. Дарэчы, у Мінску жыве і мая сяброўка, працуе яна ў Інстытуце польскім. Праўда, з-за занятасці нас абедзвюх часта бачыцца не ўдаецца.

– Для многіх кінаманаў Беларусі культавай асобай стаў вядомы польскі рэжысёр Кшыштаф Занусі. Асабіста Вы таксама яго апантаная прыхільніца?

– Я паважаю яго творчасць. І ўсё ж сярод маіх любімых фільмаў наступныя: гістарычная драма “Бен Гур” амерыканскага рэжысёра Біла Кавальчука па класічнаму раману Лью Уолеса “Бен Гур: гісторыя Хрыста”. У ліку асабліва любімых кінастужак і экранізацыя Ежы Каваляровічам вядомага гістарычнага рамана “Qno Vadis”, “Кама грядзешы” (“Куды ідзеш”) Генрыка Сянкевіча.

– Раскажыце, калі ласка, пра сваіх родных, сям’ю.

– Яшчэ задоўга да пераезду ў Беларусь мой шлюб распаўся. Але з мужам мы па-ранейшаму добрыя сябры. Штодзень размаўляем і бачымся з дапамогай мабільнай сувязі па скайпу. Дзеці мае ўжо дарослыя, у іх сваё жыццё. Маю двое ўнукаў. Старэйшы сын Міхал эканаміст, малодшы Мацей псіхолаг. Цяпер, як ні дзіва, з роднымі мы сустракаемся часцей, чым тады, калі я жыла дома. Калі прыязджаю ў Польшчу, у сыноў заўсёды ёсць добрая падстава завітаць у госці да маці.

– Якія сувеніры, падарункі Вы прывозіце сваім блізкім людзям?

– Звычайна купляю вырабы з беларускага лёну. Мае родныя ацанілі і добры смак івянецкіх цукерак. У якасці сувеніраў найчасцей набываю разнастайныя керамічныя вырабы. Унукі вельмі любяць беларускія цацкі. Дарослыя ж нярэдка даюць заяўкі і на гарэлку “Бульбаш”.

– Якія яркія, незабыўныя моманты здараліся ў Вашым жыцці?

– Іх было нямала. Калі ўзяць апошнія, то гэта падарунак ад сыноў, які я атрымала на сваё пяцідзесяцігоддзе. Яны купілі мне трохтыднёвую турыстычную пуцёўку па дарагіх мясцінах для сэрца і душы кожнага сапраўднага хрысціяніна. Я праехала тры тысячы кіламетраў па Італіі, Францыі, Іспаніі, Партугаліі, Германіі.

– Вашы адмоўныя звычкі, якасці характару?

– На жаль, я куру і не магу ад гэтай звычкі пазбавіцца. Па натуры  я чалавек прамалінейны. Гавару праўду ў вочы, што на сэрцы, тое ў мяне і на языку.

Бліц-апытанне:

– Вашы любімыя…

…кніга?

– Усё, што звязана з псіхалогіяй. Яшчэ я вельмі люблю паэзію.

…колер?

– Белы.

…пара года?

– Вясна.

…свята?

– Нараджэнне Хрыстова. Вігілія.

…месца на зямлі?

– Грэцыя! Хаця там я была толькі адзін раз.

Гутарыла Ірына ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий