ЗДАРОВЫМ БЫЦЬ – ПЕДАЛІ КРУЦІЦЬ!

Общество

У Вішневе, як у буйных гарадах Англіі, кожную раніцу людзі спяшаюцца на працу не на аўто, а на веласіпедах. Партыю з 14 сучасных ровараў нядаўна прыдбалі настаўнікі мясцовай школы.

Прыклад з кемлівых брытанцаў тут бяруць ужо даўно. Праўда, заведама пераймаць вопыт жыхароў Туманнага Альбіёна ніхто не імкнуўся: ровар у пасёлку – традыцыйны сродак перамяшчэння.

Напрыклад, каля Вішнеўскага вучэбна-педагагічнага комплексу па буднях утвараецца сапраўдны велапарк. У школу на роварах прыязджаюць не толькі настаўнікі, але і дзеці.

Тон здаровага ладу жыцця тут задае дырэктар навучальнай установы Ала Віктараўна Клімкова, якая любіць калясіць па сельскіх вуліцах на двухколавым транспарце.

Нядаўна гэты энергічны кіраўнік і заўзятая спартсменка стала ініцыятарам аптовай закупкі сучасных веласіпедаў для педагогаў. У калектыве, падтрымаўшы гэту ідэю, вырашылі закупляць ровары за асабістыя сродкі кожнага, каб затым быць іх паўнапраўнымі гаспадарамі. 14 ровараў расійскай маркі “STELS”, выпушчаных на галандскім абсталяванні, былі заказаны праз інтэрнэт. Кошт адной двухколавай машыны – 1 мільён 300 тысяч рублёў. Усе яны абсталяваныя зручнымі кошыкамі для рэчаў і прадуктаў. Зараз мабільных двухколавых “сябрукоў” маюць усе 26 настаўнікаў.

У пасёлку дзясяткі вуліц, дзе жывуць каля 430 чалавек. Ровар для мясцовых жыхароў – ідэальны транспарт: эканоміць час, выключае выдаткі на бензін, не забруджвае навакольнае асяроддзе і ўмацоўвае здароўе.

Алена ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий