СТВАРАЕМ САЙТ УСЁЙ КРАІНАЙ

Общество

Самастойна распрацаваць новы вэб-рэсурс, тым самым пераўвасобіцца ў сур’ёзных праграмістаў, прапанавалі юнакам і дзяўчатам краіны.

16 лепшых работ школьнікаў і маладых спецыялістаў Валожыншчыны ўжо адпраўлены на абласны этап рэспубліканскага конкурсу па распрацоўцы дызайну і структуры маладзёжнага прыродаахоўнага сайта. Узрост удзельнікаў гэтага інтэлектуальнага спаборніцтва – ад 12 да 31 года.

Ініцыятары конкурсу – Міністэрства адукацыі сумесна з Рэспубліканскім цэнтрам тэхнічнай творчасці – плануюць такім чынам праз захапленне інтэрнэт-тэхналогіямі сфарміраваць у пакалення “next” інтарэс да вырашэння экалагічных праблем.

Магчыма, у гэтай ідэі ёсць рацыя. Школьнікі нашага раёна праявілі да конкурсу немалую цікавасць: з адной толькі гімназіі горада Валожына было заяўлена пятнаццаць работ. Усяго ж ў раённы аддзел адукацыі прыйшло больш за 40 праектаў па распрацоўцы прыродаахоўнага сайта. Найболей дэталёвыя і слушныя прапановы, па меркаванні спецыялістаў аддзела, у рабоце маладой настаўніцы матэматыкі з Івянца Аксаны Русовіч, таксама ў праектах гімназістак з Валожына Вольгі Борыс, Дар’і Бразоўскай, Дзіяны Ліпніцкай, Вікторыі Іваноўскай.

Канкурсантам прапанавалі прыдумаць арыгінальную назву сайта, яго лагатып, які б адлюстроўваў вобраз роднай прыроды, нетрывіяльна аформіць галоўную вэб-старонку, спланаваць структуру і назвы раздзелаў вэб-рэсурсу, знайсці для яго яркі слоган. Работы выконваліся на паперы фармату А4, у электронным жа варыянце ўвасобяцца толькі лепшыя крэатыўныя ідэі тынэйджараў і маладых спецыялістаў.

Вынікі абласнога этапу падвядуць 26 красавіка, фінальны тур пройдзе ў маі. Пераможцаў узнагародзяць дыпломамі ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама.

Алена ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий