СВЯТЫ КАМЕНЬ БУЗУНОЎСКІ

Культура

Рэспубліканскі геалагічны помнік прыроды.

Знаходзіцца за 5 км на поўнач ад в. Ракаў і за 35 км на ўсход-паўднёвы ўсход ад г. Валожына, на заходнім схіле марэннай грады паміж урочышчам Соўшчына і Лучкі.

Гэта кангламерат, які складзены пясчана-жвірова-галечнымі адкладамі – поўны аналаг утварэння, што захоўваецца ў якасці геалагічнага помніка на схіле шашы Мінск-Ашмяны ля вёскі Ракаў.

Кангламерат уяўляе сабой частку канцовых ледавіковых адкладаў, якія сфарміраваліся прыкладна 150-120 тысяч гадоў таму пры замацаванні (цэментацыі) пясчана-жвірова-галечных адкладаў карбанатным цэментам. Месцамі на паверхні растуць імхі і лішайнікі.

Да гэтай пары захаваўся шэраг легенд пра гэты камень. Адна з іх апавядае, што на гэтым месцы стаяў касцёл, які праваліўся пад зямлю. Мясцовыя жыхары лічаць, што калі прыкласці да каменя вуха, то можна пачуць гукі званоў. Згодна з другім паданнем, якое памятаюць жыхары вёскі, некалі малады хлопец прылёг ля каменя і заснуў. Пачуўшы нейкі шум адкрыў вочы і ўбачыў, што да яго набліжаюцца тры вершніка. У гэты ж момант адзін з вершнікаў махнуў рукой і хлопец апынуўся аж на чужой мяжы. Пры гэтым ён ляцеў праз хмызняк, галіны якога падрапалі і пабілі ягоны твар. Але хлопец паспеў убачыць, як тыя вершнікі наблізіліся да каменя і зніклі – быццам расталі. Яшчэ ў адной легендзе распавядаецца, што ля каменя доўга кружыўся і блытаўся адзін дзяцюк, які нарэшце лёг спаць, лічачы што ён кладзецца дома. Усю ноч з-пад каменя даносіліся спевы і іншыя развясёлыя гукі. Раніцай хлопец са здзіўленнем агледзеўся і ўбачыў што гэтую ноч правёў ля каменя. Магчыма, што тут было язычніцкае капішча. Такім чынам, гэтае цікавае прыроднае ўтварэнне, якое не часта трапляецца на паверхні, апрача геалагічнага ўяўляе сабой і гісторыка-этнаграфічнае значэнне і варта далейшага захавання ў якасці рэспубліканскага геалагічнага помніка прыроды.

 



Добавить комментарий