КРЫМІНАЛЬНЫ БІЗНЭС-ПЛАН

Закон и порядок

“Эх, гарэлачка!” – пачынаў складаць верш адзін з герояў Якуба Коласа, калі на добрым падпітку яго пацягнула на творчасць. Шэдэўр так і не атрымаўся, бо аўтар заснуў, а муза назаўтра знікла гэтак жа нечакана, як і з’явілася. 

А вось журналісту ад алкагольнай тэмы ўвярнуцца складана – ледзь не штотыдзень у раёне фіксуюцца факты самагонаварэння ці незаконнай рэалізацыі гарэлкі. І гэта пры тым, што Валожыншчына ўжо даўно страціла званне “самагоннага краю”.

У вёсцы Лужаны некаторы час працаваў прыватны млын, але справа ў гаспадара нешта не заладзілася, і ён прыкрыў свой бізнэс. Прыкрыў і пустуючае памяшканне цяжкімі жалезнымі дзвярыма. Але чым мацнейшая завеса, тым мацней жаданне зазірнуць за яе. Заўважылі цікаўныя вяскоўцы, што па начах у былым млыне “шабаш” спраўляецца: машыны сюды-туды сноўдаюць, з коміна іскры сыпяцца і пах такі разносіцца, што аж дух займае… Як тут не ўзгадаць павер’е, што млынар з нячыстай сілай водзіцца!

Самы лепшы сродак ад нячыстай сілы, вядома, міліцыя. Вось туды і звярнуліся напалоханыя людзі. Містыка нечакана абярнулася звычайным беззаконнем: пусты будынак гаспадар здаў у эксплуатацыю грамадзянам з Маладзечанскага раёна, а яны адкрылі там завод па выпуску алкагольнага сурагату. За незаконную прадпрымальнасць былы млынар атрымаў тры з паловай мільёны штрафу, а два яго кампаньёны – па мільёну. Акрамя таго на правапарушальнікаў складзены адміністрацыйныя пратаколы за самавольнае падключэнне і крадзеж электраэнергіі і нанясенне шкоды навакольнаму асяроддзю. А гэта не капеечныя санкцыі! Дарэчы, толькі пры затрыманні самагоншчыкаў было выліта 12 тон брагі. Усё абсталяванне падпольнага цэха канфіскавалі і перадалі ў выглядзе металалому мясцовай сельгасгаспадарцы. Кажуць, што план па здачы другаснай сыравіны сельгасвытворцы сёлета перавыканаюць, бо тыя бочкі і змеевікі важаць сама меней тон пяць.

Яшчэ адну магутнаёмістую гажэльню накрылі міліцыянеры ў вёсцы Галімцы. Доўгі час тут пуставаў будынак былой свінафермы, але знайшоўся энергічны чалавек з Мінска, які заверыў, што гэта памяшканне ён давядзе да ладу і стане выкарыстоўваць па прамым назначэнні. Выраб сельгаспрадукцыі справа патрэбная, і дазвол яму далі. Хутка ў адным з адсекаў зарохкалі пяць дзясяткаў свіней. Чакаць, пакуль тое мяса нарасце і прынясе дывідэнды, мужчыну, відаць, цярпення не хапіла. Па-суседству са статкам ён рашыў абсталяваць пабочную вытворчасць, рэнтабельнасць якой на чорным рынку пакуль што б’е ўсе рэкорды – выпуск самагонкі на продаж.

Але рупіцца пра чарку і скварку пад адным дахам перашкодзілі людзі ў пагонах. Наша міліцыя аказалася аператыўнай і дзейнічала на апераджэнне. Мінчанін тое абсталяванне нават наладзіць як след не паспеў, брагі не завёў, а крымінальны бізнэс-план накрыўся медным тазікам, дакладней – меднымі трубкамі. Чакаюць цяпер прадпрымальніка непрадбачаныя грашовыя расходы ў выглядзе адміністрацыйнага пакарання.

Магчыма, нехта і падлічвае незаконны прыбытак ад самагону, але справа гэта – ой якая ненадзейная! У любы момант можа стаць стратнай, так як антыалкагольную барацьбу праваахоўныя органы паслабляць не збіраюцца.

Алена ЗБІРЭНКА.

 



Добавить комментарий