Адзначыліся

Закон и порядок

Паведамленне аб учыненым хуліганстве прыйшло нядаўна ў дзяжурную часць РАУС з валожынскага аўтавакзала. Як высветлілася падчас праверкі, невядомыя зламыснікі пашкодзілі больш за 13 квадратных метраў пластыкавых панэляў, якімі аздоблены сцены вакзальнага туалета. У хуткім часе хуліганаў затрымалі. Імі аказаліся трое навучэнцаў сельскагаспадарчага ліцэя, двое з якіх яшчэ не дасягнулі паўналецця. Ці то залішняя прыхільнасць да сучасных кінабаявікоў, ці то занадта вялікая колькасць выпітага алкаголю падштурхнула хлопцаў лупцаваць па сценах, ламаючы крохкі пластык. Вынікам «прыгоды» стала ўзбуджаная крымінальная справа.

Знаходка на дне ракі

Чарговы факт незаконнага палявання ўстаноўлены супрацоўнікамі інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь каля вёскі Сіманы Івянецкага сельсавета. На дне рэчкі Валмянкі інспектары знайшлі рэшткі тушы самкі высакароднага аленя. У хуткім часе аленіха мусіла прывесці цяля. Цяпер супраць невядомых пакуль браканьераў будзе ўзбуджана крымінальная справа.

Дачныя страты

З пачаткам дачнага сезона адкрываецца ўсё больш фактаў крадзяжоў з дамоў у садаводчых кааператывах раёна. Так з аднаго з участкаў таварыства «Зара» каля вёскі Туркаўшчына Ракаўскага сельсавета злодзеі знеслі інструменту, вопраткі і алкагольных напояў на суму звыш 1,6 мільёна рублёў. Адзін з удзельнікаў таварыства «Крыніца 82», размешчанага паблізу, не далічыўся прадуктаў і будаўнічых матэрыялаў агульным коштам амаль на два мільёны рублёў. Амаль у мільён рублёў абышоўся візіт злодзеяў гаспадыні дачнага дома ў вёсцы Даманоўшчына Сугваздаўскага сельсавета. Амаль па ўсіх фактах крадзяжоў на дачах узбуджаюцца крымінальныя справы, аднак шанцы адшукаць злодзеяў і вярнуць скрадзеную маёмасць не надта вялікія з-за таго, што паведамленні прыходзяць у міліцыю часам толькі праз некалькі месяцаў пасля ўчынення крадзяжу.

Крымінальная каманда

Нават «уменне працаваць у камандзе» не вызваліла ад адказнасці супрацоўнікаў аднаго з валожынскіх прадпрыемстваў, якія вырашылі палепшыць фінансавае становішча крадзяжом. Загадчык склада, што распараджалася электроннымі картамі на выдачу аўтамабільнага паліва і вадзіцель грузавіка прыдумалі і ажыццявілі няхітры крымінальны план. На запраўках райцэнтра за некалькі месяцаў яны «набылі» за кошт прадпрыемства 255 літраў дызельнага паліва на суму амаль у два мільёны рублёў. Аднак парадавацца лепшаму жыццю на атрыманыя сродкі перашкодзілі распачатае следства і адкрытая крымінальная справа.

Матэрыял да друку па міліцэйскіх зводках падрыхтаваў

Андрэй ЗАХАРАНКА.

 



Добавить комментарий