“НЕАСЦЯРОЖНАЯ” ПРОСЬБА

Культура

Студэнцкія гады заўсёды багатыя на ўспаміны. Гісторыі прыгадваюцца самага рознага кшталту. Але куды больш, вядома, вясёлых і нават кур’ёзных. Такі  выпадак адбыўся з адной, так бы мовіць, не вельмі стараннай студэнткай акурат падчас сесіі…

Адзін з профільных прадметаў у нашым універсітэце вёў стары і вельмі паважаны прафесар. Пра франтавыя часы застаўся ў яго горкі напамін – страчанае вока. Пратэз, які ён насіў больш за паўстагоддзя, практычна нічым не адрозніваўся ад “жывога” органа, але сам факт студэнцкае “сарафаннае радыё” спраўна перадавала ад старэйшага пакалення ўніверсітэцкага вучнёўства да першакурснікаў, неймаверна нагрувашчваючы яго самымі фантастычнымі “падрабязнасцямі”. Зрэшты, сам прафесар на гэтым увагу ніколі не акцэнтаваў і дужа не любіў, калі даўняя гісторыя станавілася прадметам шырокай агалоскі. З цягам часу ўсе чуткі “патухлі”, але ўсё ж раз-пораз усплывалі ў студэнцкім асяроддзі. Таму не ведаць пра іх мог толькі самы-самы…

Адна са студэнтак якраз і была з ліку тых “самых-самых”. З самага першага курса вучоба давалася ёй дастаткова лёгка, таму дзяўчына паступова “расслабілася” і ў альма-матэр стала наведвацца выключна на практычныя заняткі і лабараторныя работы – і тое не заўсёды. Потым выкручвалася, бегала на залікі па некалькі разоў, здавала нарэшце сесію, потым клялася сабе, “што больш ні разу не спозніцца і не прагуляе” і… пасля экзаменаў усё пачыналася па-новаму. Так сталася, што перад той сесіяй дэканат прызначыў за кожным студэнтам кіраўніка курсавой працы. Дзяўчына трапіла ў групу да аднаго са старэйшых і самых аўтарытэтных супрацоўнікаў кафедры – таго самага прафесара. Паколькі ён не начытваў іх курсу лекцыі і не вёў практычныя, то і студэнтка знайшла час роўна на тое, каб толькі коратка пазнаёміцца са сваім навуковым кіраўніком і ўзяць у яго тэму “курсача”. А праз паўгода з’явілася на парозе прафесарскага кабінета з напісаным тэкстам…

У той дзень перад дзвярамі аўдыторый было поўна народу: усе мітусіліся, ліхаманкава гарталі свае работы перад тым, як паказаць іх куратару, цярпліва чакалі ў чэргах “на прыём”. Звыклы размераны гул галасоў раптам разарваў невыразны, але адчувальна злы мужчынскі крык. Дзверы кабінета ляснулі, адтуль куляй выскачыла наша студэнтка. Услед за ёй, марудна лунаючы ў паветры, апусціліся на падлогу некалькі лістоў курсавой. Збянтэжана гледзячы на паплечнікаў, збялелая як палатно дзяўчына разгублена паўтарала:

– Я не разумею, чаму ён так раз’юшыўся! За што?..

– А што ты яму сказала? – запытаўся нехта са студэнцкай браціі.

– Ды нічога асаблівага. Проста папрасіла, каб ён ХОЦЬ АДНЫМ ВОКАМ праглядзеў маю курсавую…

Усе, хто стаяў ля кабінета, ведаючы старую ўніверсітэцкую байку і ацаніўшы камічнасць сітуацыі, выбухнулі магутным рогатам. І далёка не адразу заўважылі, што да іх далучыўся яшчэ адзін голас. Выйшаўшы ў прасторны калідор, дробненька смяяўся сам прафесар. Ветэран зразумеў, што ніхто не імкнуўся яго абражаць і нагадваць самыя непрыемныя хвіліны жыцця, таму выйшаў папрасіць прабачэння за нястрыманасць. Але ўсё адно потым тая студэнтка мусіла яшчэ чатыры разы прыходзіць да навукоўца на дапрацоўку курсавой. Што тут зробіш – сагнуты гадамі, але душой прамы, як страла, вучоны-ветэран не любіў гультаяватых…

Сяргей САДОЎСКІ.

 



Добавить комментарий