ЛЯСНЫЯ ДАРЫ БЕЗ ПРАВЕРКІ НЕ БЯРЫ

Общество

У выніку аварыі на ЧАЭС 20,3 працэнта тэрыторыі раёна аказалася забруджанай радыеактыўнымі элементамі (163 населеныя пункты). Найбольш высокі ўзровень забруджанасці назіраўся ў Пяршайскім і Івянецкім сельсаветах.

Вялікую пагрозу для насельніцтва ў першыя дні пасля аварыі ўяўляў ёд-131 (радыеактыўны ёд) з перыядам паўраспаду 8,05 дня, які назапашваўся ў шчытападобнай залозе. Прафілактычная мера – прыём прэпаратаў, што ўтрымліваюць звычайны ёд.

Чалавек падвяргаецца апраменьванню і радыенуклідаў-доўгажыхароў: цэзію-137 і стронцыю-90. Іх перыяд паўраспаду – каля 30 гадоў. Спачатку з дажджамі яны аселі на паверхні, а потым уключыліся ў біялагічны цыкл: назапашваліся ў раслінах. Зараз атмасфера амаль ачышчана, і радыенукліды трапляюць у расліны праз каранёвую сістэму. «Разбавіць» канцэнтрацыю стронцыю-90 можна кальцыніраваннем глебы. На палеткі, забруджаныя цэзіем, пажадана ўносіць калій. Перашкаджае пераходу радыенуклідаў у расліны і вапнаванне кіслай глебы, прымяненне арганічных, фосфарных, калійных угнаенняў, а таксама карбаміду і сульфату амонію з дабаўкамі гуматаў.

Знізіць радыеактыўнасць раслінных прадуктаў можна іх тэхналагічнай і кулінарнай апрацоўкай.

Дзякуючы праводзімым мерапрыемствам, на тэрыторыі раёна зусім не забруджана малако (апошняе перавышэнне дапушчальнага ўзроўню назіралася ў в. Сівіца ў 1999 годзе). Няма перавышэння і ў мясе з прыватнага і вытворчага сектараў. А вось сітуацыя з лясной прадукцыяй за 27 гадоў амаль не змянілася. Па-ранейшаму перавышае дапушчальны ўзровень утрыманне цэзію-137 у грыбах і ягадах, сабраных у Івянецкім, Вішнеўскім, Румскім і Багданаўскім лясніцтвах. У мясе дзікай жывёлы і рачной рыбе перавышэнне назіраецца аж у 10 разоў.

У мінулым годзе радыелагічная лабараторыя райЦГіЭ зрабіла 524 пробы прадукцыі перапрацоўчых прадпрыемстваў, 251 — з асабістых падсобных гаспадарак, дзве з іх паказалі перавышэнне ўтрымання цэзію-137 у ягадах з Налібоцкай пушчы.

Наша лабараторыя штодня (акрамя выхадных) даследуе ўтрыманне цэзію-137 у прадуктах, вадзе, лекавай сыравіне, лясной прадукцыі. Даследаванне прадуктаў для асабістага карыстання праводзіцца бясплатна. Замеры гама-фону пры прыёмцы жылых дамоў у эксплуатацыю і тэрыторыі вакол робяцца асобна і каштуюць па 14600 рублёў кожны.

Ірына ГРЫКА,

урач-гігіеніст райЦГіЭ.

 



Добавить комментарий