Расцём духоўна

Молодежный курьер

“Тое, што спазнаў у дзяцінстве, застаецца з табой назаўжды”, гаворыць усходняя прыказка…

У Валожынскай дзіцячай бібліятэцы ўжо год існуе асаблівы кніжны куток. Ён налічвае больш за сто выданняў. Уся літаратура тут такая ж маляўнічая і даступная разуменню маленькіх чытачоў, як і на іншых стэлажах, але мэта яе не пазабавіць, а прымусіць задумацца.

Гэтыя кнігі і брашуркі нясуць у сабе непарушныя хрысціянскія каштоўнасці, дапамагаючы дзецям рабіць першыя крокі на шляху да веры. Нездарма куток завецца “Дарога да храма душы”.

Некаторыя скептычна ўсміхнуцца: маўляў, дзе ўжо дзецям разабрацца ў высокіх маральных і этычных прынцыпах хрысціянскай літаратуры. Аднак дзіцячая літаратура на тое і дзіцячая, каб складанае рабіць простым.

Усе кнігі багата ілюстраваны і ў асноўным складаюцца з маленькіх вершаў і невялікіх мастацкіх аповедаў. Брашуркі, як добрыя сябры, даходліва распавядаюць дзецям пра Вялікдзень, пра Таінства Хрышчэння, а яшчэ пра маму, пра шчасце, сумленне, надзею, дабрыню, любоў і іншыя духоўныя каштоўнасці. Нямала кніг вучаць клопату і спагадзе да “братоў нашых меншых”.

Амаль усё чытанне для душы выпушчана выдавецтвам Беларускага Экзархата Рускай Праваслаўнай Царквы.

Ёсць на кніжных паліцах некалькі Біблій для дзяцей, у тым ліку і на беларускай мове.

Наш сучаснік, праваслаўны манах Варнава напісаў нямала кніг прытчаў, якія з цікавасцю чытаюць не толькі дзеці, але і дарослыя. Цімафей Варонін у “Хлебе нябесным” распавядае дзецям пра Таінства Эўхарыстыі. “Жыціі святых”, выпушчаныя спецыяльна для маладога пакалення, раскажуць пра многіх божых угоднікаў.

Ёсць тут і каталіцкія выданні, падораныя бібліятэцы ксяндзом мясцовага касцёла.

“Усё праўдзівае, як і ўсё добрае, лёгка знойдзе шлях у дзіцячае сэрца”, – упэўнены бібліятэкары.

Праз такія духоўныя скарбы ад бачнага да нябачнага душа ідзе…

Алена ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *