Феномен трываласці народнага промыслу

Культура

Івянецкая школа керамікі – унікальная з’ява ў рэчышчы жывучасці традыцый народнага мастацтва. Больш за шэсць стагоддзяў вопыт і майстэрства перадаюцца арганічна – натуральным шляхам на аснове народнай педагогікі па кругавароту: майстар – вучань – чаляднік – майстар. У гэтым і заключаецца феномен трываласці народнага промыслу.

Сярод шматлікіх ганчароў у кожным пакаленні з’яўляліся выбітныя асобы, якія прыўносілі сваё адметнае светаўспрыманне ў працэс развіцця мясцовай школы керамікі.

Да плеяды такіх майстроў адносяцца Вітольд Кулікоўскі (1910-1985 г.г.) і Міхаіл Звярко (1930-1989 г.г.), юбілейныя даты якіх адзначылі ў верасні ў Івянецкім музеі традыцыйнай культуры.

Вітольд Феліцыянавіч Кулікоўскі ў 50-ыя гады ХХ ст., абагуліўшы вопыт папярэднікаў, вынайшаў арыгінальны ўзор аздаблення ганчарных вырабаў – фляндроўку (па сырому чарапку нанёс рознакаляровыя стужкі ангобамі, якія спалучыў хвалепадобнымі рыскамі ў гарманічны арнамент).

Міхаіл Мартынавіч Звярко, вучань В. Кулікоўскага і Ф. Целяшэўскага, узбагаціў ляпную пластыку сваёй няўрымслівай фантазіяй і творчым інтэлектам. Ён стварыў тэматычныя шматфігурныя кампазіцыі “Івянецкія ганчары”, “Музыкі”, “Вяселле” і іншыя. Асобна трэба адзначыць манументальныя ляпныя пасудзіны анімалістычнага жанру ў выглядзе львоў, зуброў, мядзведзяў, а таксама цацкі – свістулькі. Яго вырабы паспяхова экспанаваліся на выстаўках у Мінску, Маскве, Вільні, Манрэалі, Індыі. Узнагароджаны Бронзавым медалём ВДНГ СССР.

Абодва майстры пакінулі свой яскравы след у традыцыйнай культуры Беларусі. Іх аб’ядноўвае і тое, што створанае майстрамі жыве і будзе жыць у памяці ўдзячных нашчадкаў.

У гонар слынных майстроў у Цэнтры рамёстваў ДУ “Івянецкі музей традыцыйнай культуры” праведзена мерапрыемства “Карыфеі Івянецкай керамікі”. Была разгорнута рэтраспектыўная выстава вырабаў творцаў і хроніка-жыццяпіс у фотаздымках. Прысутныя шчыра дзяліліся ўспамінамі пра майстроў, прааналізавалі ролю В. Кулікоўскага і М. Звярко ў развіцці Івянецкай школы керамікі. У заключэнні адбыўся пленэр, удзельнікамі якога сталі В. Лапа, А. Высоцкі, У. Зялёнка, Я. Серафімовіч, М. Каробкін, М. Кузняцоў.

Алег Раманоўскі,

краязнавец з Івянца.



Добавить комментарий