У ДОБРЫ ШЛЯХ!

Общество

Незвычайная аўташкола для малечы працуе ў Вішнеўскім дзіцячым садку. Элементарныя правілы дарожнага руху хлопчыкі і дзяўчынкі спасцігаюць ужо з трохгадовага ўзросту.

Максімальна наблізіць гульню да рэальнасці – галоўная мэта педагогаў. Акрамя вялікіх пластмасавых машын, на якіх па імправізаванай дарозе ганарліва руляць маленькія вадзіцелі, у гульнявым пакоі садка ёсць нямала святлафораў, пешаходных пераходаў і мноства дарожных знакаў. Іх партатыўнасць, у адрозненне ад статычных жалезных сабратаў, дазваляе з лёгкасцю мадэляваць магчымае дарожнае становішча. Калі цацачны святлафор “не працуе”, на дзяжурства выходзіць сур’ёзны і ўсеўладны “рэгуліроўшчык” – хто-небудзь з маленькіх гарэз.

Галоўны “інструктар” у гэтай вясёлай аўташколе – Галіна Мечыславаўна Аксёнава. Выхавальніца захапляльную гульню ператварае ў недакучлівае навучанне. Дзякуючы яе “жывым” урокам і спецыяльна закупленай дарожнай бутафорыі дашкольнікі цудоўна засвойваюць асновы бяспекі дарожнага руху. Заняткі ў імправізаванай аўташколе для самых маленькіх цалкам бясплатныя.

Маленькім непаседам вельмі хочацца быць падобнымі да дарослых вадзіцеляў. На дарозе, пракладзенай дзецьмі па паркеце, пануе парадак і дружалюбнасць.

 

Алена ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий