КОЛЬКІ Б ВОЎК НІ ВАЛОК…

Закон и порядок

З дня ў дзень газетныя старонкі, тэлевізійныя экраны ды інтэрнэт-сайты вышэй за край поўняцца гісторыямі аб выкрытых спробах атрымання незаконнага прыбытку. Простыя рабочыя, што паквапіліся на каністру казённага паліва, і буйныя фінансісты, якія «сабаку з’елі» на тонкасцях руху грашовых патокаў, з зайздроснай рэгулярнасцю трапляюць на старонкі крымінальных спраў і лаву падсудных.

Здавалася б, паглядзеўшы на іх сумны вопыт, ніхто і не падумае здабываць сродкі гэткім сумнеўным спосабам. Але ж гісторыя, што адбылася ў адным з вясковых магазінаў раёна, паказала, што вучыцца на чужых памылках здольны далёка не кожны.

Маргарыта Н. (ад рэдакцыі: імя зменена) не першы год працавала ў гандлі. Маючы чацвёрты кваліфікацыйны разрад, яна нават выконвала абавязкі загадчыка магазіна. Неблагая сям’я – муж, супрацоўнік мясцовага сельгаспрадпрыемства, трое дзяцей. Тое, што за плячыма ў жанчыны мелася судзімасць, асабліва не ўплывала на жыццё. Але ж напрыканцы 2011 года адбылося нешта, што зноў падштурхнула Маргарыту на крымінальную сцежку.

Схему злачынных дзеянняў падказала само жыццё. Не сакрэт, што ў вясковых крамах для мясцовых жыхароў дзейнічае сістэма так званых харчовых крэдытаў, калі аформіўшы спецыяльнае даручэнне-абавязацельства, кожны працуючы можа ў межах пэўнай сумы нейкі час набываць прадукты без аплаты. Кантроль за правільнасцю запаўнення патрэбных дакументаў і своечасовасцю выплаты пазыкі ажыццяўляе часцей за ўсё прадавец магазіна. Гэтая бачнасць адсутнасці знешняга кантролю, відаць, і спакусіла няўдалую прадпрымальніцу.

Першы злачынны крок быў даволі простым. Людзі, атрымаўшы заробкі, прыносілі і здавалі прадаўцу грошы ў пагашэнне сваёй пазыкі па харчовых крэдытах. Да атрымальніка ж, раённага спажыўтаварыства, здадзеная наяўнасць не даходзіла, асядаючы ў кішэні Маргарыты.

Напэўна, велічыня падобнага прыбытку мала задавальняла «вынаходніцу». Тады яна вырашыла рушыць далей. Здабыўшы праз знаёмых пустыя бланкі даведак аб заработнай плаце, на падставе якіх афармляюцца даручэнні-абавязацельствы, яна пачала выпісваць харчовыя крэдыты на сваіх аднавяскоўцаў, якія аб гэтым нават не ведалі, і атрымліваць у іх кошт тавары для ўласнага карыстання, а таксама і немалыя грашовыя сумы з касы магазіна.

Цэлых пятнаццаць месяцаў працавала крымінальная схема, забяспечваючы свайго аўтара незаконным дадаткам да афіцыйнага заробку. Штомесяц Маргарыта афармляла фальшывых крэдытаў на суму ад аднаго да дванаццаці мільёнаў. Але ж, як калісьці казалі на Беларусі, колькі б воўк не валок, павалакуць і воўка.

На пачатку другога года «прадпрымальніцкай дзейнасці» вынаходлівага прадаўца схему выкрылі. Эканамісты райспажыўтаварыства заўважылі, што за вялікай колькасцю жыхароў адной вёскі значацца непагашаныя харчовыя крэдыты на суму звыш дзевяноста мільёнаў рублёў. Калі ж амаль усе апытаныя «неплацельшчыкі» ў адзін голас заявілі, што ніякіх крэдытаў не афармлялі, у працу ўключылася група па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі.

Пасля таго, як матэрыял аб махлярстве быў афіцыйна зарэгістраваны РАУС, Маргарыта Н. з’явілася ў міліцыю з пакаяннем, падчас вядзення разбору справы актыўна спрыяла следчым органам. Напэўна, гэта будзе ўлічана падчас вынясення рашэння. Чым жа скончыцца гісторыя, канчаткова вырашыць суд.

Андрэй ЗАХАРАНКА.

 



Добавить комментарий