НА ЦЯЖКАСЦІ НЕ СКАРДЗІЛІСЯ…

Культура

Рэестр дакументаў архіва Валожынскага РАУС пачынаецца сакрэтным загадам Народнага Камісара ўнутраных спраў БССР Л. Цанавы ад 20 снежня 1939 года “Аб стварэнні Валожынскага Уезднага аддзела НКВД у складзе НКВД па Баранавіцкай вобласці”, згодна якому штат праваахоўнай сістэмы раёна складаўся з 67 супрацоўнікаў. Узначальваць крымінальны вышук у той час было даручана Георгію Паўлавічу Арцёменку, падпарадкоўваліся яму старшы оперупаўнаважаны Іван Пятровіч Якуценка і оперупаўнаважаны Іван Кандрацьевіч Марозаў.

Так зарадзілася ў раёне адно з самых гераічных падраздзяленняў праваахоўнай службы – крымінальнага вышуку. За гады станаўлення назапасіўся вопыт, вырасла матэрыяльна-тэхнічная база. Але і сёння супрацоўнікі крымінальнага вышуку не забываюцца пра тых, каго можна назваць пачынальнікам гэтай справы на Валожыншчыне.

У 1972 годзе лейтэнант Зянон Іванавіч ПАДГАЙСКІ паспеў толькі год адпрацаваць інспектарам крымінальнага вышуку пасля школы міліцыі. Абласное начальства заўважыла яго прафесіянальныя здольнасці і перавяло маладога спецыяліста на пасаду старшага інспектара, што аўтаматычна рабіла яго начальнікам групы крымінальнага вышуку. Дарэчы, у тыя часы злачыннасць у раёне была адной з самых нізкіх у вобласці – да ста выпадкаў у год. Таму ў раёне існавала толькі крымінальная група.

“Працавалі ў складаных умовах, – успамінае Зянон Іванавіч. – З усяго кабінетнага абсталявання толькі старая пішучая машынка для вядзення пратаколаў, папера, чарніліца ды ручка. На ўвесь аддзел – дзве аўтамашыны. Дабіраліся на месца здарэння пешшу або на спадарожным транспарце. Часта даводзілася выконваць і абавязкі следчага – аглядаць месца злачынства, здымаць адпячаткі пальцаў, шукаць рэчавыя доказы. Але мы дабіліся высокага працэнта раскрыцця – да 95-і, чвэрць ад гэтай колькасці раскрывалі па гарачых слядах. Забойствы і іншыя цяжкія злачынствы не заставаліся без прававой ацэнкі і судовага пакарання…”

Праз чатырнаццаць гадоў, ужо будучы ў званні маёра, Зянон Іванавіч перайшоў на іншую праваахоўную работу. Але ён і зараз застаецца для супрацоўнікаў крымінальнага вышуку аўтарытэтным настаўнікам і старэйшым таварышам. А пра тое, з якім спрытам З. І. Падгайскі выходзіў пераможцам у паядынках са злачынцамі, не ведае хіба што навічок, які толькі ўчора прыступіў да абавязкаў.

Зянон Іванавіч іранічную прымаўку “Супраць лома няма прыёму” абверг: голымі рукамі павязаў раз’юшанага канакрада, узброенага ломам…

Алена ЗБІРЭНКА.

Фота з архіва Валожынскага РАУС.

 



Добавить комментарий