КАЛЕКЦЫЯНЕР З ПЯРШАЙШЧЫНЫ

Культура

Я так “прывязалася” да “Працоўнай славы”, як калісьці да школы. Але ж пра што пісаць, калі, здаецца, ужо ўсе тэмы вычарпаны? І вось рэдактар газеты мне падказала – пра калекцыянераў. Дык я ж аднаго, дакладней, адну, добра ведаю! Нават удалося пабачыць тую калекцыю – сапраўдны мядзведжы звярынец.

Наша калега па працы Марыя Іосіфаўна Пратасевіч-Русовіч летась святкавала юбілей. Яна сабрала ўсіх нас пад сваё крыло ў родным Сядлішчы, атуліла цяплом і ўвагай. Прыемна было пабываць у тым маляўнічым кутку Пяршайшчыны.

Пражывае Марыя Іосіфаўна ў фальварку, у велічным, прыгожым, трохузроўневым доме. У такіх калісьці жылі паны, а з сялян – мелі адзінкі. Той дом варта было бы ўшанаваць, як прыклад даваеннага дойлідства, бо ён адзіны на ўсю Пяршайшчыну. Знізу – каменны ўзровень, там – лазня, трэці паверх з балконам. Да дома вядуць два ганкі з велічнымі калонамі. Заходзіш і адразу трапляеш у залу з мноствам карцін, абразоў, напісаных Марыяй Іосіфаўнай. Вакол залы – чатыры пакоі, кожны атынкаваны, з распіснымі сценамі, з адметным дызайнам. Ацяпляецца будынак старадаўнімі прыгожымі стаякамі з бліскучай, узорчатай кафляй.

Зазірнулі мы, госці, у адзін з пакояў, а там – мядзведзікі чынна, важна сядзяць на канапах, крэслах. Усе такія дагледжаныя, чысценькія, розныя па ўзросце і памерах, з розных канцоў свету. І белы паўночны, і буры еўрапейскі, амерыканскі грызлі, барыбал, панда, алімпійскі Мішка… Усяго – 220 мілых звяркоў, ад паўтарасантыметровых да паўтарамятровых. У большасці – гэта падарункі. Нашы вучні адпачывалі ў Японіі, Германіі, Італіі, Польшчы і папаўнялі калекцыю Марыі Іосіфаўны замежнымі экзэмплярамі, шмат сувеніраў прывезена калегамі, сваякамі.

А пачалося ўсё з карціны Шышкіна “Раніца ў сасновым лесе”, пра гісторыю якой М. І. Пратасевіч-Русовіч расказвала школьнікам: “А вось цудоўных мядзведзяў маляваў другі мастак, Савіцкі. Я вельмі люблю гэтых магутных гаспадароў лесу, збіраю іх выявы..”

Марыя Іосіфаўна любіць усё прыгожае. Яна і сама заўсёды прывабная, элегантная. На школьных вечарах мы любілі выбіраць яе ў канферансье. Яна апранала прыгожыя, вышытыя бісерам ці каляровымі ніткамі вячэрнія сукенкі, якія найчасцей сама і шыла, бо з’яўляецца выдатнай краўчыхай. Марыя Іосіфаўна не толькі настаўнічала, але і з задавальненнем вяла шматлікія гурткі. І калі сёння выпускнікі Пяршайскай СШ умеюць шыць, вязаць, кулінарыць, захапляюцца інкрустацыяй, фларыстыкай, ікебанай – ведайце, што гэта заслуга Марыі Іосіфаўны. Усё, да чаго дакраналіся яе рукі, атрымлівалася выключна прыгожым. Яшчэ і зараз можна пабачыць у школьным краязнаўчым музеі стэнды, аформленыя Марыяй Іосіфаўнай.

Цанілі нашу таленавітую настаўніцу і далёка за межамі раёна. Яна чытала лекцыі ў Мінску і Прыбалтыцы, дадому заўсёды вярталася з Ганаровымі граматамі. Імя Марыі Іосіфаўны Пратасевіч-Русовіч занесена ў энцыклапедыю Рэспублікі Беларусь “Кто есть кто?”. Яе вучні займалі прызавыя месцы ў Англіі, Чэхаславакіі, Польшчы, а выстава вучаніцы Валянціны Русовіч у Грэцыі была адзначана Дыпломам 1-й ступені.

Гаворачы пра гэту цудоўную жанчыну, нельга не сказаць некалькі слоў і пра яе пазітыўнасць, аптымізм. Здаецца, што ніколі ў яе жыцці не было ніякіх праблем. Заўсёды дагледжаная, спакойная. А якая ж яна працавітая! На падворку – сапраўдны дызайнерскі праект. Клумбы, трыццаць кустоў півоняў пяці сартоў, мноства іншых кветак. А яшчэ грады, маліны, трускалкі і сад каля 2-х гектараў.

Пабываўшы ў гасцях у Марыі Іосіфаўны можна сказаць: “Ёсць тут гаспадыня, але і гаспадар ёсць!” Муж Станіслаў Антонавіч ва ўсім падтрымлівае сваю таленавітую жонку.

Нездарма пісаў Сяргееў-Цэнскі: “Где нет труда – сады там не цветут, где нет любви к труду, там мир – пустыня”.

Данута ШАЎЛОЎСКАЯ,

жыхарка вёскі Янушкавічы.

Фота Алены ЗБІРЭНКІ.

 



Добавить комментарий