ТАКІМ ЁН, ПАНЫШ, БЫЎ…

Культура

Вядомы рускі рэжысёр, акцёр Я. Вахтангаў на пытанне, якая галоўная мэта яго жыцця, адказаў: “Праслаўляць імя майго настаўніка”. Чаго кожны з нас быў бы варты, каб не настаўнік?! Спіс лепшых педагогаў Валожыншчыны смела можна пачынаць з Антона Станіслававіча Паныша.

Ён адзіны настаўнік, чыя праца адзначана ордэнам Леніна. Гэту высокую дзяржаўную ўзнагароду ў СССР уручалі самым заслужаным людзям. За ўсю гісторыю Беларусі – толькі тры кавалеры ордэна Леніна сярод педагогаў.

У50-ыя гады мінулага стагоддзя першая школа Валожына каціравалася не толькі ў вобласці, але і ў рэспубліцы. Пасля смерці Сталіна “жалезная” заслона прыпаднялася і замежныя госці, часцей, вядома, з Еўропы, пачалі наведвацца ў СССР, іх цікавіла жыццё простых людзей. І як толькі падбіраліся педагагічныя дэлегацыі, іх ахвотна прывозілі ў СШ № 1. Звычайная навучальная ўстанова, перыферыйны гарадок, аднатыпных якому набярэцца ў Беларусі сотні. Але савецкія чыноўнікі трохі хітрылі: такіх узорных школ яшчэ пашукаць было!

Зараз навучальныя ўстановы адна перад адной спаборнічаюць у знешнім выглядзе, а заходзіш у іх – і не замірае сэрца ад таямнічай атмасферы нечага высакароднага. Усё ёсць, ад камп’ютараў да дызайнерскіх вазонаў пад кветкі, а вось насычанасці не вонкавай, а ўнутранай не стае… Пры А. С. Панышы, а ён дырэктарстваваў у школе № 1 з 1948 па 1969 год, адукацыйны працэс вёўся ў лепшых класічных традыцыях: выдатнае выкладанне прадметаў, строгая дысцыпліна, адносіны паміж настаўнікам і вучнем – добразычлівыя. Некаторыя яшчэ і сёння памятаюць, што тады педсаветы ў школе часам зацягваліся ледзь не да паўночы. Добра гэта ці не, судзіць не будзем.

Былыя настаўнікі не лічыліся з вольным часам. У СШ № 1 тады працавала выдатная кагорта педагогаў: настаўніца матэматыкі Ефрасіння Апанасаўна Радзюк, якая падрыхтавала нашага славутага земляка, прафесара Якава Валянцінавіча Радыну; фізік Ала Якаўлеўна Арцёмава, якая заахвоціла да гэтай навукі тады залатую медалістку Тамару Таўгень, а ў далейшым – першага дырэктара першай Валожынскай гімназіі Тамару Іванаўну Інфаровіч; завуч Ніна Давыдаўна Голдзіна, якая ведала ўсе тонкасці свайго любімага прадмета – рускай мовы і літаратуры, выкладчыца нямецкай мовы Марыя Фрыдрыхаўна Націнг, якая і спецыялістам была цудоўным, і кіравала драматычнай студыяй. Антон Станіслававіч Паныш ахвотна наведваўся на рэпетыцыі, ганарыўся таленавітымі вучнямі, а спектаклі ставіліся сур’ёзныя, двухгадзінныя, з дэкарацыямі і касцюмамі – па Розаву, Астроўскаму. Удзельнік таго гуртка Тадэвуш Кокштыс зараз Народны артыст Беларусі, працуе ў Віцебску ў славутым Коласаўскім тэатры. Пры падтрымцы дырэктара арганізавалі школьны хор і танцавальны гурток, ды не для галачкі, а так, каб на любым канцэрце не сорамна было выступіць.

Былая вучаніца А. С. Паныша, пазней – дырэктар гэтай школы, лепшая настаўніца фізікі Валожыншчыны Тамара Іванаўна Інфаровіч успамінае: “Лічу за гонар і шчасце, што вучылася ў Антона Станіслававіча. Гэта быў прафесіянал самага вышэйшага гатунку. Сказаць, што ён любіў сваю работу – мала. Ён аддаваў сябе без астатку. Вялікая заслуга Антона Сцяпанавіча ў тым, што ён стварыў камфортны клімат у калектыве. Гэта быў рэдкі гуманіст, шматгранная асоба. Ніколі не павышаў голас на вучняў, але нават самыя непаслухмяныя гарэзы яго слухаліся. Любіў, калі дзеці задаюць шмат пытанняў. Часта аднакласнікі прасілі мяне запытацца што-небудзь у дырэктара, бо мяне ён чамусьці вылучаў і называў “мая дачушка”. Памятаю, нас асабліва цікавіла тэорыя эвалюцыі Дарвіна…”

З адстаючымі займаліся асабліва – пасля ўрокаў, давалі заданні на лета. Сапсаваць паказчыкі паспяховасці дрэннымі
адзнакамі не баяліся. “Самае крыўднае слова з вуснаў дырэктара для вучня было рускае “бездельник” або лайдак, – расказвае былы настаўнік хіміі Іван Пятровіч Бубневіч. – Сам Антон Станіслававіч, здаецца, ніколі не стамляўся. Калі выпадала вольная хвіліна, то наведваўся да бацькоў або разам са школьнай агітбрыгадай выязджаў у працоўныя калектывы. Дакладчыкам ён быў выключным. Так і сыпаў прыказкамі і прымаўкамі. Асабліва любілі яго вяскоўцы…

Антона Станіслававіча калегі запомнілі патрабавальным, але пры гэтым – справядлівым і добразычлівым. У кнізе нашага краязнаўца, настаўніка гісторыі Мечыслава Францавіча Новака, які таксама працаваў з А. С. Панышам, ёсць біяграфічная даведка пра знакамітага дырэктара. У прыватнай гутарцы М. Ф. Новак адзначае, што быў ён чалавекам надзвычай добрым, дружалюбным. Да апошніх дзён клапаціўся пра сваіх таварышаў. Неяк, быў недзе год 1974, прыйшоў сам і прывёў на вечар сустрэч з выпускнікамі Ніну Давыдаўну Голдзіну, хораша пра яе гаварыў. Хутка Ніну Давыдаўну запрасілі падмяняць захварэўшых выкладчыкаў, і яна ахвотна згадзілася, бо жыла адзінока і сумавала па любімай рабоце.

Сам  жа Антон Станіслававіч выкладаў біялогію. Магчыма, сказалася сялянская цяга да зямлі, земляробства. Ён нарадзіўся на Лагойшчыне ў 1904 годзе. Бацькі, простыя вясковыя людзі, адправілі васьмігадовага сына ў мясцовае народнае вучылішча. Хлопчык аказаўся здольным да навукі, і дома рашылі, што ён павінен вучыцца далей. Антон Паныш паступае ў Радашковіцкую беларускую гімназію, а ў 1918 годзе – на біялагічны факультэт Беларускага Дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля заканчэння, у 1925 годзе, накіраваны на працу ў Віцебскую вобласць. У вогненным 1941-м яго прызываюць у армію. Антон Станіслававіч праваяваў усю вайну ў афіцэрскім званні, узнагароджаны медалём і дэмабілізаваўся толькі пасля перамогі. На пытанне, як яму ўдалося выжыць у той крывавай бойні, настаўнік прызнаваўся, што дапамагаў нейкі прывід і магчыма, што ніколі не выпіваў прызначаныя франтавыя сто грам.

У ваенным выгаралым шынялі А. С. Паныш і з’явіўся ў калідорах Міністэрства адукацыі. Па распараджэнні гэтага органа тры гады адпрацаваў дырэктарам Пастаўскага педвучылішча, а потым у яго лёс назаўсёды ўпісаўся Валожын. Да нас ён прыехаў з жонкай Надзеяй Сямёнаўнай Шапавалавай і маленькай дачкой Галінай. Жонка таксама была настаўніцай, па слядах бацькоў пайшла і дачка. У 60-я гады музей Валожынскай школы-інтэрната быў адным з лепшых у рэспубліцы, у гэтым немалая заслуга Галіны Антонаўны.

Антон Станіслававіч стараўся прынесці карысць не толькі школе, але і ўсяму гораду. Па яго ініцыятыве школьнікі пасадзілі сад, рэшткі якога і сёння яшчэ засталіся ў цэнтры, за гасцініцай “Карона”. Гэта было смелым наватарствам, бо ў тыя часы пра прышкольныя ўчасткі яшчэ ніхто і не заікаўся. Дарэчы, прышкольны ўчастак вучні і настаўнікі разбілі вялізны, аж да Папоўкі. Вырошчвалі самую розную агародніну. Частка ішла на патрэбы школьнай сталовай, а рэшту прадавалі. Грошы паступалі ў фонд усенавуча. Час быў складаны, пасляваенны, шмат дзяцей выхоўвалася ў няпоўных сем’ях, многім не было чаго адзець-абуць, некаторыя галадалі. Грошы з фонду дапамаглі дзясяткам калі не сотням вучняў.

Насупраць будынка райвыканкама школьнікі з СШ № 1 заклалі гарадскі сквер, па вуліцы Савецкай і ў школьным двары пасадзілі таполі. Цяпер на гэта дрэва наракаюць, як на алерген, а тады таполі былі ў модзе. Неяк, гадоў дзесяць таму, валожынцамі разглядалася пытанне аб прысваенні дзіцячаму гарадку імя Паныша. Але, як нярэдка здараецца, добрая думка забылася. Відаць, так і будзем называць свае вуліцы чужымі імёнамі.

Ёсць у біяграфіі Паныша эпізод, які сустракаецца ў сюжэтах многіх савецкіх кінафільмаў: дырэктара не вельмі любіла  кіраўніцтва, але падтрымлівалі вышэйстаячыя начальнікі. Праўда, выкарыстаць увесь свой патэнцыял Антону Станіслававічу так і не далі. Ён меў яшчэ сілы і жаданне працаваць, але ў 1969 годзе яго ветліва папрасілі пайсці на пенсію. Апошні раз у жыцці ён назіраў, як дзеці бягуць 1-га верасня ў школу, у 1977 годзе. Праз дваццаць дзён яго не стала.

З высокім, статным, сівавалосым мужчынам на кожным кроку віталіся гараджане – пажылыя і маладыя, знаёмыя і не. Ён ветліва, але з нейкім асаблівым пачуццём уласнай годнасці ківаў галавой і рухаўся далей. Нават маленькія дзеці ў яго прысутнасці пераставалі капрызіць і пыталіся: “Мама, а хто гэта?”.

– Гэта? Настаўнік. Стары настаўнік, якога я некалі трохі баялася, а зараз бясконца паважаю. Але ніколі так і не рашылася яму аб гэтым сказаць…

Алена ЗБІРЭНКА.

 



Добавить комментарий