ВЯРНУЦЦА НІКОЛІ НЕ ПОЗНА: ПАКУЛЬ ЦЯБЕ ЧАКАЮЦЬ

Культура

Веснавы вечар.  Я іду па яшчэ мокрай, сырой дарозе. Пераскокваючы з аднаго больш-менш сухога месца на другое, нясу ў руках сумку, баюся выпусціць. У ёй звычайны набор прадуктаў: булка свежага хлеба, пакет малака, невялікі кавалачак “Доктарскай”…

Я ўжо ў адзінаццатым класе, колькі сябе памятаю, заўсёды хадзіла ў магазін для нашага суседа, дзеда Рыгора. Як кажа матуля, у мяне ногі маладзейшыя, спрытнейшыя. І вось ужо колькі гадоў, амаль кожны вечар, я сустракаюся з дзядулем. Тут ён нарадзіўся, тут і старасць сустрэў. Ужо здалёк я ўбачыла яго постаць: невялічкага росту, сівыя валасы, паверх шапка альбо кепка, заўседы чысценька апрануты. Дзядуля павітаўся і пачаў размову:

— Ці ўсё купіла, Кацюшка?

Я купіла ўсё, але заўсёды пытаюся, можа яму яшчэ што патрэбна. Але мяне чакае адзін і той жа адказ:

— А навошта мне многа ежы?

За столькі гадоў мы з дзедам сталі сапраўднымі сябрамі, нават узрост не быў перашкодай, наадварот, я заўсёды слухала парады з боку дзеда Рыгора, а ён дазнаваўся ад мяне пра ўсе навіны ў вёсцы, і наогул у свеце. Тэлевізара ў дзядулі не было. Мы хацелі аддаць яму свой, калі купілі новы, але ён адмовіўся, спасылаючыся на тое, што гэты “яшчык” усё жыццё адбірае, а яго і так мала засталося. Матуля казала, што ў яго недзе ў Расіі жыве сын, але я ніколі яго не бачыла. Ды і дзед заўсёды, калі я пыталася пра яго сям’ю, пераводзіў гутарку на іншую тэму. Усё, што ведалі мае бацькі пра жыццё старога, гэта тое, што яго жонка памерла яшчэ ў маладосці ад нейкай хваробы, а сына дзядуля выхоўваў адзін.

…Жыццё ў вёсцы ішло звычайным чынам. Але пару дзён таму, калі я ішла з магазіна, мяне ніхто не сустрэў. Расхваляваўшыся, я пайшла да дома нашага суседа. Пастукала ў дзверы. Ніхто не адказаў. Асцярожна зайшла ў хату. Паклікала дзеда Рыгора. Слабым голасам ён адазваўся з суседняга пакоя. Пераступіўшы парог, мне кінуўся ў вочы фотаздымак незнаёмага мужчыны, вельмі падобнага да дзядулі. Дзед Рыгор ляжаў у ложку, твар яго асунуўся, скура пабялела. Чулася, што лёгкія душыць кашаль. Як сказаў дзядуля, ён крыху прыхварэў. Упершыню я бачыла яго такім бездапаможным. Спыталася, хто на фатаграфіі, ён адказаў, што гэта яго сын – Валодзя, якога вельмі любіў.

Сыну прапанавалі працу за мяжой. Дзеда гэта навіна вельмі расхвалявала, не хацелася адпускаць так далёка. Яны моцна пасварыліся. Валодзя раззлаваўся і паехаў на заробкі без бацькоўскага дазволу. З той пары ён толькі некалькі разоў тэлефанаваў, і толькі разы два прыязджаў. Праз некалькі дзён, ідучы дадому са школы, я здалёк заўважыла каля хаты машыну “хуткай дапамогі”. Дзядулю стала дрэнна. Яго забралі ў бальніцу для поўнага абследавання. На наступны дзень нам патэлефанафаў незнаёмы чалавек. Трубку падняла я. Ён спытаў, ці не ведаю я, што здарылася з нашым суседам, дзедам Рыгорам, таму што мужчына ўжо некалькі разоў званіў, але там ніхто не падняў трубку. Я адразу здагадалася, што гэта быў Валодзя. Я адказала яму:

— Валодзя, вы дарослы чалавек, але чаму не разумееце, што вашаму бацьку дрэнна без вас. Няўжо вы з-за адной спрэчкі гатовы пакінуць яго аднаго? Такога тату, як ваш, хоча мець напэўна кожны чалавек…

Прайшло некалькі дзён. Дзядулю выпісалі. У яго была звычайная прастуда. Мабыць, хадзіў нейкі вірус, таму што мой тата таксама захварэў.

Як заўсёды, цеплым вечарам я ішла дамоў з крамы. Зямля ўжо прасохла вельмі добра. Надвор’е было прыемным, нават трохі запахла летам. Здалёк я заўважыла двух мужчын. Адну постаць я ведала вельмі добра — гэта быў дзядуля. Але хто крочыў побач з ім? Падышоўшы бліжэй, дзед Рыгор сказаў:

— Пазнаёмся Каця, гэта мой сын Валодзя. Ён прыехаў да мяне з жонкай і дзецьмі. У хуткім часе яны пераязджаюць сюды назаўсёды.

— А мы ўжо знаёмыя, – адказаў Валодзя і ўсміхнуўся.

Яшчэ ніколі я не бачыла дзядулю такім шчаслівым. Пару хвілін мы паразмаўлялі, а потым разышліся. Амаль праз гадзіну мне патэлефанавала сяброўка і прапанавала схадзіць пагуляць. На што я ёй адказала:

— Спачатку я дапамагу сваёй матулі па гаспадарцы. У мяне захварэў тата, я лепш пабуду разам з ім — для мяне гэта самае галоўнае.

Кацярына ЗАБЕЛА,

вучаніца 11 класа Ракаўскай СШ.

 



Добавить комментарий