ПОСПЕХАЎ ТАБЕ, КРЫСЦІНА

Молодежный курьер

Крысціна Адамовіч, залатая медалістка Івянецкай СШ, выпускніца 2008 года, рыхтуецца да абароны дыпломнай работы. Дзяўчына заканчвае Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных адносін.

Упершыню ў гісторыі раёна наша зямлячка атрымае дыплом гэтай адной з самых прэстыжных ВНУ, вучыцца ў якой мараць эрудыты з усіх рэспублік былога СССР.

На пятым курсе разам з Крысцінай веды атрымліваюць яшчэ чатыры выхадцы з Беларусі. Пры ВНУ арганізавана “Беларускае зямляцтва”, яго старшынёй вось ужо другі год выбіраюць Крысціну Адамовіч. Акрамя вучобы і грамадскіх абавязкаў дзяўчына ў вольны час працуе па спецыяльнасці. Добрае валоданне англійскай і нямецкай мовамі, камунікабельнасць – гэта далёка не ўвесь спіс патрабаванняў, якія выстаўляюць кіраўнікі сумесных расійска-замежных кампаній пры найме на работу. Крысціна ўжо паспела заявіць пра сябе, як пра выдатнага супрацоўніка. Але першае месца яе працы, як дыпламаванага спецыяліста, будзе на радзіме.

Як прызнаецца сама Крысціна, вучыцца ёй цікава. Праўда, многіх студэнтаў-правінцыялаў “падаўляе” раскошай Масква, а таксама аднакурснікі – дзеці багатых і знакамітых бацькоў, для якіх наведванне Інстытута міжнародных адносін у нейкай ступені носіць “статусны” характар. На жаль, некаторыя  пераможцы тэлеперадачы “Умники и умницы” з Беларусі хоць і паступілі ў МДІМА, але не змаглі вучыцца ў гэтай навучальнай установе. Якім чынам сціплая і спакойная Крысціна змагла стойка перанесці ўсе выпрабаванні, губляецца ў дагадках нават яе маці Антаніна Браніславаўна. Безумоўна, жанчына ганарыцца здольнай дачкой, але і вельмі перажывае, што яе Крысціна не жадае шукаць лёгкіх шляхоў у жыцці.

На кожнае свята сям’я Адамовічаў з Івянца чакае ў госці сваю любую, самую цудоўную і разумную дзяўчынку на свеце. Яна прыязджае заўсёды з нейкімі прыемнымі навінамі: то сесію здала “на выдатна”, то яе работа адзначана на студэнцкім конкурсе, а то і проста падзеліцца радасцю, што атрымалася ўсё запланаванае. І абавязкова папросіць бацькоў не хвалявацца за яе: “Я не адчуваю сябе там адзінокай! Ёсць сябры, з якімі ў мяне аднолькавыя інтарэсы, ёсць чулыя выкладчыкі!”

Будзем верыць, што атрыманыя веды ў хуткім часе дапамогуць Крысціне дабіцца самых высокіх перамог.

Алена ЗБІРЭНКА.

 



Добавить комментарий