Калыска жыцця чалавека

0_f6fc_8c397481_XL1

Хата была і ёсць для чалавека тым месцам, дзе ён праводзіць усё сваё жыццё, гэта калыска, у якой нараджаецца не адно пакаленне сям’і. І таму з даўніх часоў, выконваючы запаветы сваіх дзядоў і прадзедаў, а таксама зыходзячы з уласных назіранняў за жыццём, чалавек надаваў будаўніцтву новай хаты вялікае значэнне.

Пад увагу бралася і месца, дзе будзе стаяць хата, і як і калі яе пачынаць будаваць, і нават хто будзе яе будаваць. Новая хата павінна стаць засцерагальніцай чалавека, ахоўваць яго жыццё і спакой як у прамым сэнсе, так і зыходзячы з тых павер’яў і ўяўленняў, што спрадвечна перадаваліся ад дзядоў і прадзедаў. Перш трэба было нарыхтаваць лес для будаўніцтва хаты. І калі пачыналі секчы першае дрэва, глядзелі, як упадзе кара на зямлю. Трэба, каб белым бокам упала ўверх, а верхняй шурпатай часткай уніз. У іншым выпадку такое дрэва не ссякалі, а шукалі другое. Не секлі таксама на будаўніцтва хаты сухіх дрэў, з дуплом унутры і дрэвы, якія згарэлі ад маланкі. Па каляндарным часе будаўніцтва пачыналі толькі пасля Благавешчання.

Са старажытных часоў месца для новай хаты выбіралі наступным чынам: за некалькі дзён да будаўніцтва кідалі на зямлю дубовую кару з лесу, нарыхтаванага на хату, і прыкладна на чацвёрты дзень падымалі яе і глядзелі, што пакажацца пад карой. Калі там знаходзілі чарвякоў ці чорных мурашак, лічылі, што такое месца найбольш спрыяльнае для будаўніцтва, а калі пад карой заводзіліся павукі ці звычайныя мурашы, хату ў такім месцы не будавалі.

З гэтай мэтай гадалі яшчэ і на хлебе. Кідалі з-за пазухі тры невялікія круглыя боханы хлеба і глядзелі, як яны ўпадуць на зямлю. Калі хлеб ляжа верхам да неба – будаўніцтва пачыналі, а калі да зямлі – вызначалі новае месца.

Не ставілі хату там, дзе раней праходзіла дарога або стаяла лазня, верылі, што ў такім месцы водзіцца нячыстая сіла.

Не меншае значэнне надавалася і будаўніцтву калодзежа: шукалі месца, дзе блізка да паверхні зямлі падыходзіць падземны ваданосны слой, пра што ў народзе гавораць “знайсці ключа”.

Будаўнікі пачыналі звязваць першы вянок зруба з таго месца, дзе ў хаце павінен быць кут – пачэсны пяты вугал, на якім вісяць абразы. У некаторых выпадках у зарубцы паміж бярвёнамі клалі духмяныя зёлкі, якія збіралі і асвячалі ў царкве напярэдадні Івана Купалы. Вядомы ў беларусаў, як і ў іншых славянскіх народаў, звычай класці ў зарубкі вуглоў першага альбо трэцяга вянка медныя і сярэбраныя манеты, воўну, зерне, кавалачкі хлеба – карацей кажучы, усё, з чым можна было асацыіраваць багацце ў будучай хаце.

Як толькі першы вянок зруба быў укладзены на фундамент, гаспадыня ўносіла стол, ставіла яго ў сярэдзіне хаты і пачынала частаваць цесляроў. Звычай частавання тых, хто будаваў хату, шырока вядомы ў нашым краі. Сярод беларусаў нават існавала павер’е, што калі майстар-будаўнік, разгневаўшыся за што-небудзь на гаспадароў і выказаўшы пры гэтым пэўнае пракляцце, пры ўкладцы бярвёнаў трэцяга вянка, апошні раз стукнуўшы сякерай, скажа: “Гак! Хай будзе так!”, то такое пракляцце абавязкова збудзецца.

Перасяляліся ў пабудаваную хату звычайна перад поўняй. Па некаторых звестках, у старажытнасці гэта рабілася ў поўнач, залазілі першы раз у хату і праз акно, адкуль і паходзіць назва – улазіны. У дзень перасялення ў хату запрашалі святара, які асвячаў яе і чытаў малебен на ўсяленне. Уваходзілі ў новую хату з радавым абразам, звычайна з тым, што падарылі бацькі маладой на вяселле, ці, калі ўся сям’я пераязджала ў новую хату, забіралі абразы са старога месца жыхарства. Такі абраз уносіла жанчына. Яна першай уваходзіла ў хату і вешала яго на куце.

Важнае месца ў рытуалах перасялення надавалася такім сямейным атрыбутам, як дзяжа, у якой мясілі хлеб, а таксама печ, агонь.

На наступны дзень зранку чакалі, хто першы зойдзе ў новую хату да гаспадароў. Пажадана было, каб гэта быў добры чалавек і шчаслівага лёсу. Часам, не дачакаўшыся першага наведвальніка, гаспадар сам запрашаў да сябе каго-небудзь з суседзяў і смачна частаваў яго.

Звычайна на першым тыдні ці значна пазней да гаспадароў прыходзілі госці, каб павіншаваць іх з наваселлем, пажадаць ім плёну і дабрабыту ў новай хаце. Для гэтага, пераступаючы парог, у хату жменяй кідалі манеты, што добра вядома на сучасных падобных урачыстасцях. У больш даўні час госці неслі з сабой хлеб, соль, жыта, сала, каўбасы, бліны для ахвяравання духам новай хаты, пра што гавораць – на разжыванне ці “каб было з чаго разжывацца”.

Застолле ж з нагоды наваселля праходзіла, як усялякая вечарынка, з песнямі, танцамі, жартамі і добрымі зычэннямі ў адрас навасёлаў.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars