НА ФЕСТЫВАЛІ ГРАМАДОЙ ЗА ДРУЖБУ СТАЛІ

Официально

Міжнародная асацыяцыя выкладчыкаў рускай мовы і літаратуры правяла І Сусветны фестываль рускай мовы. Правядзенню фестывалю папярэднічалі конкурсы на веданне мовы, культуры і гісторыі Расіі.

У конкурснай праграме ўдзельнічалі больш за 51 тысячу канкурсантаў з 72 краін свету. З гэтай колькасці ў фінал трапілі толькі 500 пераможцаў. Некаторыя краіны былі прадстаўлены двума-трыма фіналістамі, гонар нашай краіны на конкурсе выдатна абараніла  настаўніца СШ № 2 г. Валожына Алена Антонаўна КІСЕЛЬ. Яе і яшчэ некалькі дзясяткаў пераможцаў удастоілі асаблівай адзнакі – іх работы выдалі ў Санкт-Пецярбургу ў зборніку “Творчыя работы фіналістаў конкурсу на лепшае валоданне рускай мовай”.

– Алена Антонаўна, удзел у конкурсе адбыўся спантанна ці гэта было ўзважанае рашэнне?

– За амаль трыццаць гадоў выкладання, вядома ж, вопыт накапіўся. І я гатова падзяліцца ім. Нездарма кажуць: “То, что отдал – то твое, а что спрятал, то пропало…” У 2005 годзе давялося ўдзельнічаць у міжнародным злёце настаўнікаў-выкладчыкаў рускай мовы ў Маскве, там і ўзнікла ідэя паспрабаваць свае сілы, паспаборнічаць з калегамі. Цяга да перамогі прыйшла пасля поспеху ў першым туры. Вось тады адчула, што такое “алімпійскі” азарт! Сёлета зноў рыхтую эсэ на конкурс.

А ідэю таго ўрока, які я даслала на конкурс, падказалі вучні. Прачытала пяцікласнікам казку А. С. Пушкіна “Пра мёртвую царэўну і сем багатыроў” і запыталася: “Якая нацыянальнасць у царэўны?” І пачула ў адказ: “Наша нацыянальнасць…” Прыемна, што дзеці не адмяжоўваюць сябе ад рускага народа, яго культуры. Значыць будзем вучыць “великий и могучий”! Лічу, што веданне рускай мовы не толькі атрыбут адукаванасці, але і палітычнай дальнабачнасці.

–  Як дбаеце, пра тое, каб дзеці цікавіліся Вашым прадметам, жыццём братняга народа?

– У нашай школе ўжо сталі традыцыйнымі экскурсіі па Пушкінскіх мясцінах, любуемся ў Міхайлаўскім на любімую пару года паэта – залатую восень. Спачатку ў паездку брала вучняў старэйшых класаў, а потым і меншых, нават пяцікласнікаў. Прырода Пскоўшчыны, Пушкінскія горы пакідаюць вельмі вялікае ўражанне і ў маім сэрцы, і ў сэрцах дзяцей. Паездкі даказваюць, што Расія сёння – гэта блізкая і родная нам зямля, з ёй злучана і наша гісторыя, і наша будучыня. Пасля першай экскурсіі выспеў замысел літаратурнага ўрока “Тры навелы пра Пушкіна” і серыя ўрокаў рускай мовы па тэме “Складаназалежныя сказы”, на якіх у якасці прыкладаў для сінтаксічнага разбору ўзяла тэматычныя дыктанты з геаграфічнымі, эканамічнымі, гістарычнымі тэкстамі пра Расію.

– Чым запомніўся Сусветны фестываль рускай мовы?

– Падзея праходзіла ў Санкт-Пецярбургу. Былі створаны ўсе ўмовы для камфортнага пражывання, уразіла насычаная культурная праграма, але найбольш запомнілася вялікая колькасць прыхільнікаў рускай мовы з усяго свету. Пазнаёмілася з цікавымі людзьмі з Аргенціны, Сербіі, Іспаніі, Кітая. Беларуская дэлегацыя была невялікай, усяго чатыры чалавекі, але мы не згубіліся. Да нас падышоў мужчына з Конга і вельмі шчыра прызнаваўся ў любові да Беларусі, аказваецца, ён калісьці вучыўся ў Мінску. Яшчэ нам удалося ўразіць удзельнікаў фестывалю выдатным выкананнем рускіх песень. Карысна было пагутарыць з прадстаўнікамі рэспублік былога СССР. Цікавасць ва ўсім свеце да рускай мовы і культуры не змяншаецца. Нам, настаўнікам, важна не зніжаць якасць выкладання гэтага прадмета, зацікаўліваць дзяцей да вывучэння рускай класічнай літаратуры, якая ўваходзіць у культурную сусветную скарбніцу.

Гутарыла Алена ЗБІРЭНКА.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий