Салдат Перамогі

Культура

Васілю Антонавічу ГРЫШЧЫКУ, можна сказаць, пашанцавала — ён вярнуўся дадому з вайны жывы і здаровы. Напэўна, гэтак распарадзіўся лёс, які «вырашыў», што дужыя мужчынскія рукі спатрэбяцца і потым, калі пасля разрухі давядзецца аднаўляць гарады, вёскі, гаспадарку.

Прайшоўшы шлях ад салдата да працаўніка, гаспадара, сем’яніна, сёлета сустрэў сваю 88-ю вясну. Калі распачынаецца гаворка пра ваенныя гады, яго ясныя, амаль не старэючыя вочы па-ранейшаму ўдумліва ўглядаюцца кудысьці ўдалечыню, быццам вышукваюць у чарадзе мінулых дзён тыя, з якімі звязана маладосць…

Васіль Антонавіч карэнны валожынец. Непасрэдна ў баявых дзеяннях давялося паўдзельнічаць толькі з верасня 1944-га года, калі разам з іншымі аднагодкамі быў прызваны райваенкаматам у войска. Спачатку ніхто з іх не ведаў, куды накіруюць, аднак былі ўпэўнены ў адным – з вайной не размінуцца. Іх эшалон праз Украіну адправілі ў Польшчу. Там яны прайшлі паскораны курс навучання, атрымалі зброю і былі размеркаваны па розных воінскіх фарміраваннях. Васіль Антонавіч трапіў у 61-ы полк зенітнай артылерыі, які ахоўваў адваяваныя ў ворага пераправы, населеныя пункты. Удзельнічаў у жорсткіх баях на тэрыторыі Польшчы, фарсіраваў Віслу, Одэр. У Германіі сустрэў перамогу. Калі ж вярнуўся ў Валожын, на свае вочы ўбачыў усе страшэнныя наступствы гэтай крывавай і разбуральнай вайны. На тым месцы, дзе калісьці стаяла хата, было папялішча. Яго і маці прытулілі сваякі з вуліцы Чапаева.

У 1948 годзе пабудаваў новую хату, ажаніўся, нарадзілася трое дзяцей…

Больш за 40 гадоў адпрацаваў Васіль Антонавіч у райбыткамбінаце, 34 з іх — вадзіцелем. «ЗІС-5», «ГАЗ-51» і «ГАЗ-52» — якраз тыя першыя яго машыны, якія былі прыстасаваны ў мірных мэтах і развозілі пасля вайны тавары ў многія рэспублікі былога Савецкага Саюза.

Радавы В. А. Грышчык за баявыя заслугі ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалямі «За вызваленне Варшавы», «За ўзяцце Берліна». За добрасумленную працу ў мірны час таксама мае ўзнагароды.

— Жыццё шмат пакідала па свеце, ставіла шмат перашкод на шляху, але каб сказалі нешта памяняць, пражыць нанова, то не згадзіўся б: усё, што пражыў і перажыў, маё! – гаворыць ветэран.

Тэкст і фота

Святланы СУХАДОЛЕЦ.

 

Прайшоўшы шлях ад салдата да працаўніка, гаспадара, сем’яніна, сёлета сустрэў сваю 88-ю вясну.



Добавить комментарий