ЯГО ВЫПРАБАВАННІ…

Культура

“Хочаш выжыць – умей трываць!” – такі строгі загад даў сабе Уладзімір Ануфрыевіч ГОБРЫС, праходзячы жорсткія выпрабаванні голадам і безупынным страхам смерці ў нямецкіх працоўных лагерах.

Тэрыторыя нашага раёна апынулася пад пятой акупантаў. Вёску Улазавічы Валожынскага сельсавета акружылі немцы. Уладзімір Ануфрыевіч разам са шматлікімі аднавяскоўцамі быў схоплены і адпраўлены за калючы дрот у пасёлак Краснае, што пад Маладзечнам. Тут ваеннапалонныя нарыхтоўвалі дровы для патрэб нямецкага войска. Нярэдка вязняў ганялі за многія кіламетры на расчыстку лесу: дрэвы трэба было высякаць па абодва бакі ад дарогі ўглыб на дзясяткі метраў. Так немец імкнуўся засцерагчы сябе ад раптоўных нападаў партызан уздоўж шашы.

У лагеры лёгка можна было аддаць Богу душу. Уладзіміра Ануфрыевіча ад пагібелі выратаваў падарунак лёсу – волатаўскае здароўе.

У сакавіку 1943 года ў пасёлку Краснае нямецка-фашысцкія захопнікі расстралялі 2000 савецкіх грамадзян і загубілі 800 ваеннапалонных. Дужых вязняў – у іх ліку апынуўся і У. А. Гобрыс – адправілі на прымусовыя работы ў Нямеччыну.

– Эшалон быў да таго нагружаны бясплатнай рабочай сілай, – успамінае мой субяседнік, – што на адным з паваротаў пуцей засеў. Каб ссунуць яго з месца, немцы прыслалі паравоз, што і ўзяў нас “на буксір”. Тады мне думалася, што гэта – бясплатны білет у адзін канец…

У Германіі разам з іншымі ваеннапалоннымі У. А. Гобрыс грузіў прадукцыю цагельнага завода ў вагоны, зімой нарыхтоўваў лес, вясной яго адпраўлялі на палявыя работы да заможных немцаў.

У пачатку мая Уладзімір Ануфрыевіч як раз быў прымацаваны да адной з такіх гаспадарак, калі даведаўся, што прыйшла Перамога, а з ёй – і канец пакутам.

“Адурманены” ашалелай радасцю волі, ён, не доўга думаючы, сунуў у кішэнь кавалак хлеба і адправіўся на сустрэчу сонцу, на Усход, дадому. Адправіўся …на ровары – адзінае, што дазволіў сабе “пазычыць” у былых эксплуататараў-немцаў. Ён быў сам не свой ад ап’яняючага шчасця свабоды. Апамятаўся толькі на мосце праз раку Эльбу. Тут яго спынілі савецкія ваенныя і адразу ж залічылі былога вязня ў рады Чырвонай Арміі, адправіўшы цягніком у Падмаскоўе.

…Час вельмі “хітры”. Уладзімір Ануфрыевіч пражыў 91 год, а здаецца, яны праляцелі, як 9 дзён. Каб жыццё паўтарылася спачатку, дзядуля часта зазірае ў сямейны альбом: на гэтай фотакартцы ён – брыгадзір, тут – загадчык фермы, а тут – шафёр, ім адпрацаваў у былым калгасе імя Леніна 21 год. Вось фатаграфіі праўнукаў, іх у У. А. Гобрыса шасцёра. Толькі няма ў альбоме ваенных і пасляваенных фота – няхай тыя горкія імгненні застаюцца прыхаванымі ў памяці.

Тэкст і фота Алены ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий