БАРТЭНІХА ЗЛАВІЛА ЖУРАЎЛЯ

Общество

Невядома, ці захочуць гаспадыні ў 26 стагоддзі варыць дамашняе варэнне, але што журавіны можна будзе збіраць у Бартэнісе – факт несумненны.

Гадоў пятнаццаць назад такой гарантыі вучоныя не давалі. Цяпер жа ўрочышча пачало набываць першапачатковы выгляд. Сюды ўжо вярнуліся і птушкі, якіх даўно ў гэтым рэгіёне не бачылі: лунь, чорны бусел, бугай і іншыя, усяго 17 водна-балотных відаў. Праўда, як сцвярджаюць вучоныя, прадстаўнікі фаўны куды шпарчэй асвойваюць новыя арэалы, чым простыя віды флоры. Пакуль што ў Бартэнісе самастойна вырас толькі чарот – яго лёгкае насенне разносіцца ветрам на далёкія адлегласці…

Гэтай вясной у Бартэніху прыйшлі людзі з рыдлёўкамі і з так званымі “мячамі Колесава”, каб пасадзіць дзялянкі сасны, чорнай вольхі, адрамантаваць дамбу. Дрэвы запаволяць працэс дэградацыі глебы, затрымаюць грунт, а апаўшае лісце і ігліца паступова ўтвораць свежы ўрадлівы слой. Новыя насаджэнні палепшаць умовы гнездавання птушак, у прыватнасці, чырванакніжнага шэрага жураўля. Дарэчы, пра яго папуляцыю паведамляе аматарам прыроды рэкламны шчыт, які таксама быў устаноўлены ў той дзень.

Мерапрыемства арганізавала раённая інспекцыя аховы прыроды і навакольнага асяроддзя пры падтрымцы Валожынскага лясгаса, Міністэрства прыроды, Нацыянальнай акадэміі навук. Удзел у пасадцы дрэў прынялі старшакласнікі і настаўнікі гімназіі № 1, старшыня раённага Савета дэпутатаў М. А. Іода.

У 70-х гадах мінулага стагоддзя балота Бартэніха ператварылася ў тарфяную “дойную карову” для сельскай гаспадаркі. Забалочаныя мясціны асушылі, бесперабойны экспарт торфу ажыццяўляўся амаль тры дзесяцігоддзі, пакуль ад спажыўнага слою не засталася трэцяя частка. У выніку парушэння прыроднага балансу штогод у паветра выдзялялася да 20 тон метану з кожнага гектара асушанага балота. Сумным вынікам такіх працэсаў у глабальных маштабах становіцца змяненне клімату на планеце. Нездарма адраджэнне былых балотаў на Беларусі, таксама як і Бартэніхі, падтрымліваецца праектам Праграмы развіцця ААН.

…Пераломным для Бартэніхі стаў год 2007, калі тут было праведзена другаснае забалочванне. Вільгаць пачала прыцягваць расліны. Зялёны покрыў паступова перакрые атрутнае “дыханне” гэтаму месцу, і над Бартэніхай у выніку фотасінтэзу пачаўся працэс ператварэння вугляроднага газу ў кісларод. Пра значэнне чыстага паветра для жыццядзейнасці чалавека, думаю, ведае кожны. Хацелася б, каб і пра прыродаахоўную акцыю, якая прайшла сёлета ў Бартэнісе, людзі таксама ведалі і помнілі, як пра падзею, значэнне якой у поўнай меры ацэняць нашы нашчадкі.

Алена ЗБІРЭНКА.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий