ДЫВІДЭНДЫ ДЛЯ РОЗУМУ

Общество

Бібліяману кнігі, як вада, жыццёва неабходныя. Таму Цэнтральная раённая бібліятэка не скупіцца траціцца на літаратурныя навінкі, імкнучыся задаволіць густы і прыхільнасці ўсіх чытачоў. За першы квартал бягучага года кніг закуплена на суму 41 мільён рублёў.

Кніжныя паліцы папоўніліся мастацкай літаратурай, выданнямі для дзяцей, энцыклапедыямі і слоўнікамі. Самая дарагая з набытых навінак – фотаальбом “Сучаснае беларускае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. XXI стагоддзе”. Яго кошт – 263 тысячы рублёў. Бібліятэка набыла тры такіх кнігі.

Наведвальнікі бібліятэкі могуць пазнаёміцца і з навінкамі выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”: навукова-папулярнымі выданнямі “Беларусы ў фотаздымках Ісака Сербава. 1911-1912”, “Архітэктура Беларусі ў еўрапейскім і сусветным кантэксце”. Цікавасць уяўляюць і “Тастаменты шляхты і мяшчан Беларусі другой паловы XVI ст”.

Рэкордным па закупцы літаратуры стаў мінулы год. У набыццё кніг Цэнтральная раённая бібліятэка ўклала немалы капітал – 403 мільёны рублёў. “Скарбніца мудрасці” набыла 9328 кніг – 2675 назваў. Такая інтэлектуальная пакупка істотна разнастаіла фонды сельскіх бібліятэк раёна.

Алена ПАШКЕВІЧ.

“Ручнік – сімвал жыцця” – пад такой назвай адкрылася выстава ў будынку народнага аб’яднання майстроў “Скарбніца”, што ў райцэнтры. Тут прадстаўлены вышываныя і тканыя работы майстроў Валожыншчыны. Выстава будзе доўжыцца да 31 мая.

 



Добавить комментарий