ЮБІЛЕЙНЫ МАЙ ВАЛОЖЫНСКІХ ВАЙСКОЎЦАЎ…

Общество

15 мая 153 асобная Кёнігсбергская ордэна Чырвонай Зоркі радыётэхнічная брыгада асобага прызначэння адзначыла 75-гадовы юбілей.

Свой баявы шлях яна пачынала з фарміравання ў населеным пункце Калодзішчы 474 асобнага радыёдывізіёна асобага прызначэння. На працягу ўсёй баявой біяграфіі нашы аднапалчане дэманстравалі ўзоры вернасці свайму ваеннаму абавязку, адказнасць і прафесіяналізм у вырашэнні пастаўленых задач.

Мы ганарымся тым, што дывізія ўдзельнічала ў вызваленчым паходзе Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь у верасні 1939 года, унесла важкі ўклад для набліжэння перамогі над фашысцкай Германіяй у гады Вялікай Айчыннай вайны. Сведчаннем гэтага стала прысваенне ёй ганаровага звання “Кёнігсбергская”, уручэнне ордэна Чырвонай Зоркі і ўзнагароджанне больш трохсот ваеннаслужачых баявымі ордэнамі і медалямі за бездакорнае выкананне заданняў камандавання.

Баявыя традыцыі аднапалчан былі працягнуты і ў пасляваенны перыяд. Пра гэта сведчаць шматлікія прыклады з гісторыі нашай брыгады, у ліку якіх факт, калі ў кастрычніку 1962 года, у час Карыбскага крызісу, полк, адзіны з часцей і злучэнняў Узброеных Сіл СССР, здабыў важнейшыя разведвальныя звесткі аб прывядзенні войскаў ЗША ў баявую гатоўнасць.

Акрамя таго, 46 афіцэрам і прапаршчыкам злучэння і ў мірны час давялося ўдзельнічаць у баявых дзеяннях пры выкананні інтэрнацыянальнага абавязку ў складзе абмежаванага кантынгенту войск у Дэмакратычнай Рэспубліцы Афганістан, за што многія з іх былі адзначаны дзяржаўнымі ўзнагародамі.

Сведчаннем высокай адказнасці і прафесіяналізму асабовага саставу пры выкананні ваеннага абавязку з’яўляецца ўзнагароджанне брыгады ў 1988 годзе Вымпелам міністра абароны СССР “За мужнасць і воінскую доблесць”.

І ў далейшым асабовы састаў паспяхова выконваў пастаўленыя задачы, а дзейнасць брыгады высока ацэньвалася вышэйстаячым камандаваннем. Яшчэ адным прыкладам, які пацвярджае прафесіяналізм нашых радыёразведчыкаў, стала раскрыццё ў 1999 годзе пачатку ваеннай агрэсіі войск НАТА супраць рэспублік былой Югаславіі.

Усе значныя дасягненні сталі агульнай справай афіцэраў, прапаршчыкаў, сяржантаў і салдат, якія ўсведамляюць важнасць і неабходнасць падтрымання баявой гатоўнасці злучэння на высокім узроўні, што дае магчымасць выконваць пастаўленыя задачы.

Шмат добрых слоў заслугоўваюць і нашы ветэраны-аднапалчане. Яны з годнасцю неслі высокае званне абаронцаў Айчыны, свята выконвалі разведвальныя заданні, забяспечвалі мірнае жыццё нашага народа.

Слаўныя баявыя традыцыі ветэранаў цяпер прадаўжаюць і прымнажаюць многія ваеннаслужачыя брыгады: палкоўнік Уладзімір Навіцкі, старшы лейтэнант Аляксандр Кароль, старшы прапаршчык Віктар Пятровіч, старшына Ян Кавальчук.

Сур’ёзнага стаўлення да службы патрабуе і сучасная, вельмі неспакойная абстаноўка ў свеце вакол Беларусі. Мы стаялі і будзем стаяць на варце ваеннай бяспекі нашай дзяржавы. Для гэтага ёсць усе магчымасці, і галоўнае – высокі патрыятызм і баявы настрой асабовага саставу на якаснае рашэнне пастаўленых мэт.

Сяргей ГАЛІЕЎ,

падпалкоўнік, камандзір 153-й асобнай Кёнігсбергскай

ордэна Чырвонай Зоркі радыётэхнічнай брыгады асобага прызначэння.

 



Добавить комментарий