АДКУЛЬ ТРЫГЛАЎ З’ЯВІЎСЯ НА ВАЛОЖЫНШЧЫНЕ?

Культура

Спачатку паданні старажылаў аб цудадзейным, бяздонным возеры з плывучай выспай ва ўрочышчы Савішкі, што непадалёк вёскі Доры, мяне мала зацікавілі, але, калі пабачыў інтрыгуючыя фотаздымкі касцянога наверша да посаха паганскага жраца і срэбнай манеты з рэльефам Аўрэлія, знойдзеныя тут, пранікся неадольнай прагай да разгадкі рарытэтаў даўніны ў прасторы і часе.

Наверша па кампазіцыйнай пабудове падзяляецца на тры ярусы: верхні – нябесны, свет багоў, сярэдні – зямное жыццё, ніжні – падземнае суіснаванне. Відавочна, што гэта выява Трыглава, аб чым сведчаць тры маскі-лікі ў верхняй частцы. Разьбяр скупымі выяўленчымі сродкамі стварыў дасканалы твор дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва, у якім прымітыўныя фігуркі людзей знітаваны ў рытуальным карагодзе.

З апісанняў заходнееўрапейскіх храністаў мы ведаем, што славяне, якія пражывалі на Балцкім Памор’і да ХII стагоддзя захоўвалі язычніцкія вераванні. Напрыклад, у горадзе Шчэцін знаходзіўся храм-свяцілішча Трыглава – галоўнага бога памаранаў, якому насельніцтва ахвяравала дзясятую частку здабычы, заваяванай у бітвах.

Адкуль Трыглаў з’явіўся на Панямонні? Магчыма, у 20-я гады ХII стагоддзя, пасля далучэння Памор’я да Польшчы і гвалтоўнай хрысціянізацыі нямецкімі місіянерамі, частка славян-язычнікаў знайшла прытулак у Літве, дзе квітнела паганства.

Што ўяўляе сабой манета? Дакладна, яна адбіта ў часы Рымскага імператара Марка Аўрэлія (філосафа), які правіў з 161 па 180 гады нашай эры. На аверсе – кругавая легенда, профільны партрэт імператара ўправа, на рэверсе – кругавая легенда і алегарычная выява ўзброенага рымскага легіянера.

Верагодна, гэтыя рэчы трапілі сюды разам з багатымі скарбамі перасяленцаў, бо мясцовыя паляўнічыя і рыбаловы вельмі часта знаходзілі старажытныя сярэбраныя і залатыя манеты невядомай чаканкі.

Гэтыя факты натхнілі мяне на стварэнне рэканструкцыі паганскага капішча “Божае вока”. Выкарыстоўваючы натурныя матэрыялы, дзеля большай выразнасці давялося крыху зменшыць памеры азярца і намаляваць постаці купальшчыц, бо ачышчэнне вадой лічылася нашымі далёкімі продкамі асноўным славянскім абрадам.

І ў наш час людзі імкнуцца акунуцца ў гаючы вадаём, каб пазбавіцца хвароб і няшчасцяў. Такія ўнікальныя прыродныя мясціны мы павінны ашчадна аберагаць, бо заганная меліярацыя і неабгрунтаваная гаспадарчая дзейнасць чалавека ўжо нанеслі адчувальную шкоду флоры і фаўне Налібоцкага краю.

Алег РАМАНОЎСКІ.

 



Добавить комментарий