НА ГАНДЛЁВЫЯ ПАЛІЦЫ – ТОЛЬКІ ЯКАСНЫЯ ТАВАРЫ!

Закон и порядок

Захаванне патрабаванняў санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства ў сферы гандлю цесна звязана са здароўем людзей. Таму гэтаму пытанню наша служба надае прыярытэтнае значэнне.

Рэгулярна праводзяцца праверкі. Яны нярэдка пераконваюць, што большасць работнікаў прылаўка адказна адносяцца да сваіх  прафесіянальных абавязкаў, дбаюць пра строгае выкананне санітарных правілаў і норм. У ліку такіх калектывы магазінаў, якія размешчаны ў Багданаве (№ 2),  у Сугваздах, Пяршаях, Вішневе, Судніках, Падневічах.

Але, на жаль, ёсць і прыклады супрацьлеглага характару. Нярэдка здараецца, калі санітарная служба раёна ўказвае гандлярам на грубыя парушэнні. Між тым бываюць выпадкі, калі адказныя асобы і пасля праверак не прымаюць радыкальных мер для ўхілення недахопаў, для недапушчэння паўтарэння ў будучым падобных негатыўных фактаў. І ў выніку на  прылаўках зноў з’яўляюцца заляжалыя прадукты, тэрмін прыдатнасці якіх ужо даўно закончыўся. Такія абыякавасць і раўнадушша могуць падарваць здароўе тых пакупнікоў, якія даверліва набываюць у магазінах прадукты, не чытаючы ўважліва на этыкетках патрэбную інфармацыю для спажыўцоў.

У ходзе чарговай праверкі раённай санітарнай службай выяўлена 12 выпадкаў рэалізацыі пратэрмінаваных прадуктаў. Агульная вага іх склала 132,2 кілаграма. Для параўнання зазначым, што летась у 12 гандлёвых кропках было знята з рэалізацыі 86,7 кілаграма харчовых тавараў.

Своеасаблівае “лідарства” ўстанавіў  універсам “Ракаўскі”, якім загадвае А. М. Андрэеў. Калі летась у гэтым магазіне былі выяўлены 4 найманні заляжалых тавараў агульнай вагой 8,4 кілаграма, то за год  працы на гэтай пасадзе А. М. Андрэева гэта лічба дасягнула максімальных велічынь. Толькі ў час праверкі, якая праходзіла  сёлета 3 мая, у рэалізацыі ва ўніверсаме “Ракаўскі” знаходзіліся 32 найменні харчовых тавараў, якія сталі нядобраякаснымі. Агульная вага такога “дабра” склала 51,3 кілаграма. Трэба адзначыць, што сёлета гэта ўжо трэці зафіксаваны тут выпадак продажу прадуктаў, якія павінны былі быць своечасова зняты з гандлёвых паліц.

У студзені бягучага года ў час маніторынгу работнікі ЦГіЭ выявілі ў названай гандлёвай кропцы 14 найменняў  няякасных прадуктаў, а ў сакавіку супрацоўнікі міліцыі горада Мінска наведаліся ва ўніверсам і запеленгавалі тут 5 пратэрмінаваных відаў тавараў. Як бачыце, адказныя работнікі названай гандлёвай кропкі вывадаў не робяць, а працягваюць старую ганебную практыку.

Універсам размешчаны ў буйным населеным пункце раёна. Тут заўсёды  наплыў пакупнікоў, асабліва гэта адчувальна ў перадвыхадныя дні. Таму работнікам універсама важна падумаць пра імідж свайго  магазіна. Цяпер наступіў дачны сезон, тавараабарот адчувальна павялічыўся, таму  службовая дысцыпліна, уважлівасць  прадаўцоў, адпаведная патрабавальнасць да  захоўвання гандлярамі санітарна-эпідэміялагічных правілаў лагічна выходзяць на першы план. Асабліва пільна трэба клапаціцца пра дастаўку і захоўванне тавараў, якія хутка псуюцца, бо на вуліцы стаіць высокая плюсавая тэмпература.

Выяўленыя факты парушэння правілаў гандлю не застаюцца без увагі кантралюючых органаў. Пасля дэталёвага аналізу недахопаў у абслугоўванні пакупнікоў да вінаватых  прымаюцца адпаведныя меры ўздзеяння. Вынесена хадайніцтва аб разглядзе пытання наконт адпаведнасці займаемай пасадзе А. М. Андрэева, які ўзначальвае калектыў універсама “Ракаўскі”. Хадайніцтва накіравана на разгляд кіраўніцтву райспажыўтаварыства.

Маніторынг тавараў, якія знаходзіліся ў продажы, прайшоў і ў сельмагу вёскі Дудка. Тут выяўлена больш за 12 кілаграмаў  няякасных прадуктаў. У краме ў Галімцах таксама зафіксаваны аналагічныя парушэнні. У гэтым спісе аказаўся і магазін вёскі Сакаўшчына, а таксама гандлёвыя кропкі ў Радніках, Выганічах.

Парушаюць падобным чынам правілы гандлю, як паказала чарговая праверка, і ў магазіне № 4 Багданава, у буфеце райвыканкама, у магазіне № 115 Івянца. У кафэ “Маладзёжнае”, якое размешчана ў гарпасёлку, таксама пільна не сочаць за якасцю прадукцыі, якую прапануюць наведвальнікам гэтай кропкі грамадскага харчавання. Аналагічныя прэтэнзіі можна адрасаваць і кіраўніцтву аўтамагазіна № 4 у Івянцы.

Факты грубага парушэння правілаў гандлю заслугоўваюць і адпаведнай ацэнкі, строгіх мер дысцыплінарнага і адміністрацыйнага ўздзеяння. Варта заўважыць, што за выяўленыя парушэнні правілаў рэалізацыі тавараў насельніцтву усе вінаватыя асобы прыцягнуты да адказнасці.

Вынікі праверак выканання санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства сведчаць пра прыніжаную патрабавальнасць да сваіх  работнікаў і з боку кіраўніцтва райспажыўтаварыства, пра адсутнасць у самой гандлёвай арганізацыі ўстойлівай сістэмы маніторынгу тавараў у гандлёвай сетцы раёна. І як вынік такіх упушчэнняў – старшыня праўлення райспажыўтаварыства  В. В. Архіпенка будзе аштрафаваны на 3 мільёны рублёў.

Санітарная служба раёна напамінае грамадзянам, што выкарыстанне пратэрмінаваных харчовых прадуктаў можа прывесці да ўзнікнення кішэчных інфекцый, харчовых атручванняў. Не выпадкова на адказных асоб, якія дапускаюць рэалізацыю няякасных тавараў, згодна з Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь,  накладваюцца вялікія штрафы: ад дзесяці да пяцідзесяці базавых велічынь.

Святлана МАРЧЫК,

загадчык аддзела гігіены раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.

 



Добавить комментарий