Яе душа жыве ў вышыўках

Культура

Кожны народ мае сваю самабытную культуру са шматвяковымі традыцыямі. Яна, як правіла, цесна звязана з умовамі пражывання і працоўным заняткам людзей, з прыродай роднага краю. Тканыя посцілкі, вышываныя ручнікі, абрусы і іншыя рэчы – своеасаблівы аповяд пра жыццё таго ці іншага чалавека, яго шчасце і нястачы, мары і спадзяванні. Гэта нацыянальны здабытак, аснова для развіцця сучаснай культуры. У нашай мясцовасці яшчэ ёсць людзі, якія валодаюць майстэрствам вышывання і ткацтва, але іх становіцца ўсё менш, і добра, калі ёсць каму перадаць гэта ўменне…

Вышыванымі вырабамі ўпрыгожаны кожны пакой у хаце Соф’і Аляксееўны Блізнюк з вёскі Ойцінава Пральніцкага сельсавета. Здавалася, што жыццё гэтай жанчыны ўсё ў кветках. Да таго ж фарбы, адценні і нават віды раслін яна фарміравала сама – як пажадае сэрца, як падказвала душа. Такія кветкі растуць у любы час года, сонечным летам і марознай зімой, на клумбе хараства, якая называецца вышыванне.

Колькі часу, цярпення, працы было аддадзена любімай справе, дзеля яе ўрывала гадзіны ад сну. У работах адлюстравана ўсё жыццё вясковай жанчыны. Было яно нялёгкае і не ў раскошы. Разам з мужам падымалі на ногі 5 дзяцей. Акрамя гэтага, патрэбна было штодня спяшацца на работу, а працавала С. А. Блізнюк у калгасе “Камсамолец” (цяпер СВК “Суднікаўскі”), управіцца з вялікай хатняй гаспадаркай. Для любімага занятку вольнага часу амаль не заставалася, толькі калі ўсё зроблена і дамашнія засыналі, бралася жанчына за іголкі і ніткі і аддавалася творчасці.

Магчыма, Соф’я Аляксееўна ніколі б не стала прызнанай у акрузе майстрыхай, каб не выйшла замуж за палешука. Некаторы час маладыя жылі ў Клецкім раёне, і яе літаральна заваражылі вытанчаныя работы тамтэйшых вышывальшчыц, у ліку якіх была і свякроў. Менавіта з той пары і сама не расставалася з ніткай і іголкай, якія ў працавітых і, як аказалася, здольных руках нараджалі непаўторныя мастацкія вырабы. Калі б сабраць усе сурвэткі, прасціны, фіранкі, накрыўкі на падушкі ў адзін “пасаг”, то не хапіла б у пакоі месца, куды гэты скарб пакласці. Вышывала для дачок, нявестак, унучак, шматлікай радні. За год праз рукі вышывальшчыцы праходзіла каля паўтысячы метраў каляровых нітак. “У кожную сваю работу, – расказвала майстрыха, – укладваю часцінку душы. Пакуль вышываю, забываюся пра ўсё і любімай справе аддаюся цалкам. Гэта нельга назваць працай, наадварот, для мяне гэта адпачынак”. Соф’я Аляксееўна лічыла, што ў навакольным свеце не так многа прадметаў і з’яў, якія немагчыма было б “перакласці” на мову вышывання. Шмат было ў майстрыхі задум. Хацела пераключыцца на аздабленне ручнікоў. Першая такая работа ўпрыгожвае драўляны праваслаўны крыж, што ўстаноўлены пры ўездзе ў Ойцінава.

На жаль, сёлета не стала таленавітай вышывальшчыцы, мнагадзетнай маці і проста сумленнага добрага чалавека. Але памяць пра яе захоўваецца ў шматлікіх работах, што тояць цеплыню душы майстра і сталі абярэгамі ў многіх дамах.

Жанна ЮЖЫК,

жыхарка вёскі Суднікі.



Добавить комментарий