Общество

Знакамітая «Кацюша» падбадзёрвала і паднімала настрой кожнага салдата ў далёкія гады ваеннага ліхалецця. У самыя патаемныя куточкі душы ветэранаў вясёлыя інтанацыі гэтай песні пранікаюць і сёння, праз 68 гадоў, што прайшлі з таго дня, як наш народ адсвяткаваў Вялікую Перамогу. Яна па-ранейшаму падбадзёрвае, настройвае на аптымістычны лад, а яшчэ — абуджае шматлікія ўспаміны…

Напярэдадні Дня Вялікай Перамогі «Кацюша», ды і шмат іншых вясёлых і лірычных песень, прагучалі ў дамах ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны В. А. Грышчыка, М. Д. Віткіна, А. Н. Сідарава, А. І. Санталава,  А. І. Кузьменкі. Такі міні-канцерт у якасці падарунка гэтым шаноўным людзям падрыхтавалі члены клуба «Залатая восень», які дзейнічае пры ТЦСАН. Песні, вясёлыя прыпеўкі, вершаваныя радкі, шматлікія пажаданні ў адрас ветэранаў нікога не пакінулі раўнадушнымі. Хтосьці падпяваў артыстам, хтосьці моўчкі слухаў, прыгадваючы былое. Аднак да слязлівага радасна і адначасова шчымліва было на душы кожнага. У адказ артысты пачулі толькі словы падзякі і ад саміх віноўнікаў урачыстасці, і ад іх блізкіх. А ўдзельнік вайны Аляксей Іванавіч Санталаў, якога валожынцы самога ведаюць як добрага музыканта, у чарговы раз парадаваў сваім талентам: сыграў на акардэоне і праспяваў любімыя песні «Ехал я из Берлина» і «Зорачка мая».

Да свята работнікі цэнтра ўручылі кожнаму ветэрану прадуктовы набор.

Тэкст і фота

Святланы СУХАДОЛЕЦ.

 



Добавить комментарий