МУЗЫЧНАЕ ПРЫСВЯЧЭННЕ КАМПАЗІТАРУ-ЗЕМЛЯКУ

Культура

У другі раз з’ехаліся юныя музыканты ў Ракаў на конкурс фартэпіяннай музыкі імя Міхаіла Грушвіцкага. Арганізатарам гэтай яркай падзеі выступіў педагагічны калектыў Ракаўскай дзіцячай школы мастацтваў сумесна з аддзелам культуры райвыканкама.

Прысваенне фестывалю-конкурсу імя кампазітара Міхаіла Грушвіцкага (1828-1904), які нарадзіўся ў вёсцы Выганічы, што каля Ракава, выклікана імкненнем папулярызацыі і прапаганды творчасці беларускіх музыкантаў, у тым ліку ўраджэнцаў Валожынскага раёна.

Тэхнічную падрыхтоўку, выразнасць выканання, рознахарактарнасць гучання, падбор рэпертуару, сцэнічную культуру прадэманстравалі ў Ракаўскім Цэнтры фальклору 53 салісты і 25 ансамбляў. Ацэнку ім давала прадстаўнічае журы, куды ўвайшлі саліст Беларускай дзяржаўнай філармоніі, лаўрэат міжнародных конкурсаў Аляксандр Палякоў, выкладчык Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Дзмітрый Пронскі, сакратар праўлення Беларускага саюза кампазітараў Аліна Безянсон.

Пераможцамі сталі выхаванцы Аршанскай ДМШ, Мінскіх музычных школ імя Глебава і імя Аладава, сталічнай школы мастацтваў № 5, ансамбль скрыпачоў Ракаўскай ДШМ.

Фестываль-конкурс завяршыўся гала-канцэртам, на пачатку якога з вітальным словам выступіў начальнік аддзела культуры райвыканкама В. М. Адамовіч.

Усе пераможцы атрымалі дыпломы, грашовыя прэміі і спецыяльныя прызы. Прыемна адзначыць, што сёлетні фестываль, у параўнанні з мінулагоднім, стаў больш прадстаўнічым. Будзем спадзявацца, што пачатак добрай традыцыі пакладзены, а колькасць жадаючых прыехаць у Ракаў і паспаборнічаць вырасце яшчэ.

Марат ЛАГУТКА,

дырэктар ДУА “Ракаўская дзіцячая школа мастацтваў”.

 



Добавить комментарий