ЧАТЫРЫ СЦЯЖЫНКІ ВЯДУЦЬ ДА БАЦЬКОЎСКАГА ДОМА

Культура

Завулак імя Куйбышава ў Івянцы непрацяглы, ды і дамы стаяць тут шчыльненька. Амаль усе дагледжаныя, бачна, што некаторыя набываюць ужо “другое жыццё” і ад былой старой пакінутасці хутка не застанецца і следу.

Уважліва разглядаючы сядзібы, я і не паспяваю заўважыць, як завулак нечакана заканчваецца. Амаль усюды дзверы жылых дамоў на замку. Толькі на адной сядзібе чуецца гамонка. Падыходжу бліжэй. Ля прасторнага цаглянага будынка незнаёмая жанчына працуе ў палісадніку. Між градкамі, нібы па лабірынце, прабіраецца хлопчык гадоў трох-чатырох. Аказалася, што гэта ўнук уладальнікаў сядзібы.

Гаспадыня садзіла першыя вясновыя кветкі. А муж на падворку, па ўсяму бачна, пільна сачыў за малым унукам Мацвеем. Ад гэтай сямейнай ідыліі веела нейкім светлым спакоем і ўладкаванасцю. Я вырашыла пазнаёміцца бліжэй з гэтымі івянчанамі.

“З выгляду яшчэ не пенсіянеры. Дык чаму ўдваіх дома?!” – пацікавілася я з першых жа хвілін знаёмства ў сваіх субяседнікаў. Аказалася, што яны працуюць на кандытарскай фабрыцы. Сёння ў іх другая вытворчая змена, таму, як руплівыя гаспадары, часу дарэмна не губляюць: шчыруюць на сядзібе.

На двары парадак. Бачна, што на прыдамавой тэрыторыі ўжо шмат зроблена пасля зімовага разладдзя. Высветлілася, што гэты жылы дом мае доўгую “біяграфію”, але і сёння выглядае хораша. Магчыма, цагляная кладка дэкаратыўна схавала сцены некалішняй старой хаты, якая паспяхова прайшла этап рэканструкцыі. Гэты дом бацькі Івана Іванавіча падарылі яму пасля вяселля. Утульнае гняздо звіла тут тады яшчэ маладая пара. Колькі працы было ўкладзена ў гэту сядзібу, ведаюць толькі яны адны! Гаспадар і яго другая палавінка – Ніна Міхайлаўна – цяжкай працы не баяліся. Абое выхадцы з вёскі. Ён з-пад Івянца, а жонка родам са Стаўбцоўшчыны. У маладыя гады на сядзібе ім хацелася зрабіць усё і адразу. А прыходзілася нялёгка і з вольным часам, і з фінансамі…

Сям’я гэта шматдзетная. Чацвёра дзяцей выгадавалі Гомалі. Першым нарадзіўся сын Алег, праз два гады з’явілася на свет дачка Людміла. Яшчэ праз тры – Таццяна, праляцелі тры гады, і сям’я папоўнілася сыночкам. Яго назвалі Іванам у гонар бацькі і дзеда.

Цяпер дзеці ўжо дарослыя. Кожны на самастойным хлебе. Цешаць Гомаляў-старэйшых іх працяг – унукі. Іх таксама чацвёра.

Гэтыя простыя людзі міжволі западаюць у душу сваёй прыемнай сціпласцю, добрымі манерамі, мяккай далікатнасцю.

Больш за трыццаць гадоў Іван Іванавіч і Ніна Міхайлаўна пражылі разам. І не страцілі пачуцця ўзаемапавагі, клопату адзін пра аднаго. У гэтай сям’і культ гаспадара, але заўсёды панавала і вялікая павага да жанчыны-маці. Чацвёра дзяцей шмат павучальнага пачарпнулі з багатай бацькоўскай “энцыклапедыі” сямейных адносін. У гэтым доме ніколі не было грубых сварак, не здаралася рознага роду зневажальных “разборак”. І дарослыя, і дзеці заўсёды жылі па правілах прыстойнасці і сумлення. Дзеткі нароўні з бацькамі заўсёды шмат працавалі. Яшчэ некалькі гадоў таму шматдзетная сям’я трымала вялікую падсобную гаспадарку. Цяпер яе прыкметна зменшылі. Двое старэйшых дзяцей ужо маюць уласныя сем’і. Двое малодшых яшчэ пакуль шукаюць свае палавінкі. Таму клапатлівыя бацькі стараюцца сабраць капейку, каб справіць ім багатае вяселле.

У Гомаляў існуе добрая традыцыя: на ўсе важныя сямейныя даты, хрысціянскія святы яны збіраюцца ў бацькоўскім доме на завулку Куйбышава. Продкі рады такому спатканню. Бо і пра жыццё-быццё сваіх дзетак больш даведаюцца, і любімым унукам парадуюцца, і абмяркуюць разам свае сваяцкія пытанні і праблемы. Адзін з сыноў працуе дальнабойшчыкам. Старэйшая дачка настаўнічае. Малодшая – бухгалтар у КУП “Сівіца”. Малодшы Іван выбраў вадзіцельскую справу. Гаспадар гэтай вялікай сям’і таксама мае простую прафесію. Але яна патрабуе вялікай дасведчанасці і кампетэнтнасці: Іван Іванавіч працуе электрыкам на СП “Івкон”. А жонка на гэтым жа прадпрыемстве – у цукерачным цэху.

Праца на кожным прамысловым прадпрыемстве сёння не з лёгкіх. Дадому вяртаюцца стомленыя. Але, нягледзячы ні на што, стараюцца, каб усё паспець зрабіць як след і ва ўласнай гаспадарцы. Адкуль чэрпаюць жыццёвыя сілы? З крыніцы ўзаемапавагі, умаемападтрымкі. Яны ведаюць, каб гэтая крыніца не мялела, трэба, каб душы не чарсцвелі ад раўнадушша. І пакуль ім гэта ўдаецца. Яны ведаюць, каб была добрая, моцная сям’я, без працы душы і добразычлівага сэрца не абысціся…

Ірына ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий