У ЧЭМПІЁНАХ – ІВЯНЧАНЕ!

Спорт

Лёгкаатлетычны крос на прызы газеты “Працоўная слава”, які прайшоў у Дзень Перамогі на стадыёне мікрараёна Сельгастэхніка райцэнтра, вызначыўся энергічным настроем удзельнікаў. Спякотнае надвор’е не стала перашкодай для спартсменаў у барацьбе за лідарства.

Спаборніцтвы прайшлі ў тры этапы і ўключылі ў сябе дзевяць стартаў. Распачалі масавы забег самыя юныя ўдзельнікі кросу. Пасля на дыстанцыі іх змянілі тры каманды школьнікаў з Івянца, сярэдніх школ №№ 1 і 2 райцэнтра, а завяршылі эстафету прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый Валожыншчыны.

У індывідуальных і камандных стартах упэўненую перамогу атрымалі выхаванцы трэнераў раённай ДЮСШ АФП Аляксандра Чарняўскага і Анастасіі Паталей – івянецкія школьнікі. Варта адзначыць, што гэта быў чакаемы вынік. Акурат напярэдадні раённага кросу юныя спартсмены вярнуліся з рэспубліканскіх спаборніцтваў, дзе адстойвалі гонар устаноў адукацыі Мінскай вобласці. Дзякуючы плённай сумеснай працы трэнераў і выхаванцаў-бегуноў па выніках Усебеларускага кросу Івянецкая сярэдняя школа прызнана лепшай у Беларусі па спартыўных дасягненнях, а яе юныя прадстаўнікі ўдастоены высокіх узнагарод. Таму не дзіва, што і сярод раённых спартсменаў з імі ніхто не мог паспрачацца на роўных. Як вынік – абодва Кубкі “Працоўнай славы” з лагатыпам і памятным надпісам адправіліся ў гарадскі пасёлак, дзе зоймуць сваё пачэснае месца сярод іншых памятных прызоў. Другое месца суддзі аддалі прадстаўнікам ААТ “Валожынскі льнокамбінат”, а тройку лідараў замкнулі бегуны з ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка”.

Дастойным фінішам масавага забегу стала вітанне чэмпіёнаў і ўручэнне медалёў і прызоў ад аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама – галоўнага ініцыятара і арганізатара раённага кросу.

Сяргей САДОЎСКІ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *