ТЭЛЕФОН МІЛІЦЫІ — 102

Закон и порядок

МЕТАЛ — КАНТРАБАНДАЙ

На першым кіламетры дарогі Пяршаі-Івянец дзяжурная група аДАІ спыніла аўтамашыну, кіраваў якой жыхар Баранавіцкага раёна. Пры аглядзе грузавога адсека машыны міліцыянеры знайшлі больш за 9 тон каляровага бытавога металу – алюмінію, дакументаў на які ў вадзіцеля не было. Увесь метал канфіскаваны і пакуль захоўваецца на тэрыторыі райаграпрамтэхнікі, а па даным факце вядзецца праверка. Ужо вядома, што алюміній належыць іншай асобе – нідзе не працуючаму жыхару Баранавічаў.

ПЯРШАЙСКАЯ ДРАМА

Крывавая драма разыгралася ў вёсцы Пяршаі. І прычынай яе стала сумеснае распіццё спіртных напіткаў. Двое суседзяў, адзін з якіх працуе ў СВК «Пяршаі-2003», а другі мае групу інваліднасці, вырашылі пасядзець «за чаркай». Пачыналася ўсё, як кажуць, «за здароўе», а скончылася – сваркай і панажоўшчынай. Апошні ўдарыў суседа-сабутэльніка нажом у жывот. На шчасце, пранікаючая рана аказалася без пашкоджання ўнутраных органаў. Пра здарэнне ў міліцыю паведаміла фельчар Пяршайскага ФАПа. Падазраваемы затрыманы і знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання, вядзецца следства. Па словах сведкаў, мужчыны ўжо даўно мелі адзін да аднаго непрыязныя адносіны.

ЗАРАБІЦЬ НА ПАЛІВЕ

Пакуль не пастаўлена канчатковая кропка ў справе аб крадзяжы дызельнага паліва на АЗС № 33 РУП «Беларуснафта-Мінскаблнафтапрадукт», размешчанай па вуліцы Пушкіна райцэнтра. Аднак вінаватыя ўжо знойдзены. Загадчык цэнтральнага склада ААТ «ПМК-188» у час сваёй змены на запраўцы па папярэдняй дамове з вадзіцелем аўтакрана гэтай жа арганізацыі скарысталася электроннымі карткамі на выдачу паліва і скрала 175 літраў. Прадпрыемства пацярпела ў грашовым эквіваленце на 1 мільён 331 тысячу 750 рублёў. У адносінах абаіх удзельнікаў «дамовы» ўзбуджаны крымінальныя справы.

УСЁ СПАТРЭБІЦЦА

Жыхар Мінска паведаміў у аператыўна-дзяжурную службу, што з яго дачы ў вёсцы Дубоўцы прапалі электраінструменты. Як аказалася, невядомы зламаў замок у доме і скраў шрубавёрт, перфаратар, адразную дыскавую пілу і бензапілу на агульную суму 5 мільёнаў 900 тысяч рублёў. Аналагічны выпадак адбыўся і ў вёсцы Ляскоўка. Злодзей тут паквапіўся на вадзяную помпу, якая была ўстаноўлена ў калодзежы. Урон склаў 1 мільён 430 тысяч рублёў. Па абодвух фактах крадзяжоў узбуджаны крымінальныя справы.

НЕБЯСПЕЧНАЯ ЗНАХОДКА

Жыхар сталіцы працаваў на прысядзібным участку ў вёсцы Бомбалы. Раптам яго ўвагу прыцягнуў металічны прадмет, знешне падобны на снарад. Мужчына хутка патэлефанаваў у РАУС. Міліцыянеры ўзялі знаходку пад ахову. Абясшкодзіла артылерыйскі снарад сапёрна-тэхнічная група вайсковай часці 5448. Як паказала экспертыза, ён сапраўды ляжаў у зямлі з часоў Першай сусветнай вайны.

Матэрыял да друку па міліцэйскіх зводках падрыхтавала

Святлана СУХАДОЛЕЦ.

 



Добавить комментарий