НАСТРОЙ, СУГУЧНЫ З БРАВЫМ МАРШАМ

Общество

Першую палову дня 17 мая горад захапілі ў палон бравыя гукі ўрачыстых маршаў, вуліцы стракацелі параднымі мундзірамі, а золата на пагонах спрачалася па яркасці з прамяністым сонцам. Нават самы недасведчаны жыхар райцэнтра мог адчуць – мясцовыя вайскоўцы святкуюць. А нагода была і сапраўды выключная – 75-гадовы юбілей часці. 

На КПП з самай раніцы сустракалі гасцей – тых, чый лёс быў звязаны са слаўнай 153-яй Кёнігсбергскай брыгадай. Адны праходзілі тэрміновую службу, іншым быў дадзены старт для  кар’ернага росту, а хтосьці проста сумленна выконваў ці выконвае свой пачэсны абавязак па ахове міру. Шмат прысутнічала і членаў сямей вайскоўцаў. Не ведаю, як у іншых мясцінах, а ў Валожыне да гэтага часу захавалася традыцыя: калі галава сямейства ваенны, то і дамачадцы яго – як бы ваенныя, а ўвесь сямейны ўклад падпарадкоўваецца інтарэсам службы.

Як і прынята на падобных мерапрыемствах, прысутнічала шмат афіцыйных і адказных службовых асоб, ветэранаў: начальнік разведвальнага ўпраўлення штаба Беларускай ваеннай акругі генерал-маёр у адстаўцы У. Н. Вараб’ёў, начальнік  разведвальнага ўпраўлення Галоўнага штаба Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь генерал-маёр М. А. Вашчыла, былы камандзір брыгады, палкоўнік запасу Р. У. Вайніцкі і інш.

Начальнік галоўнага разведвальнага ўпраўлення, намеснік начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл палкоўнік П. В. Ціханаў, а затым камандзір часці, падпалкоўнік С. В. Галіеў і старшыня райвыканкама У. А. Наумовіч уручылі Ганаровыя граматы і каштоўныя падарункі лепшым з ліку афіцэраў і прапаршчыкаў асабовага саставу.

Кульмінацыйным момантам урачыстасці стаў вынас сцягоў: брыгаднага і дзяржаўнага флага. Прыгожым маршам прайшлі сцяганосцы і ганаровая варта.

Алена ЗБІРЭНКА.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий