ХТО ЧЫМ БАГАТ, ТОЙ ТЫМ І РАД

Официально

Без нацыянальнага каларыту жыццё было бы падобным на прэсную, без “пярчынкі” страву. Асаблівасці характару, паводзін, знешнасці, укладу быту дастаюцца нам у спадчыну ад продкаў. Толькі гэта розніць нас, а ў астатнім мы вельмі падобныя – аднолькавыя мары, аднолькавыя клопаты і адна зямля, дзе мы жывём і дбаем пра шчасце. 

Прадстаўнікі трыццаці дзвюх нацыянальнасцей пражываюць сёння на Валожыншчыне. І няхай далёка не ўсе здолелі прыняць удзел у пятым раённым фестывалі нацыянальных культур “Шматгалоссе”, але гэта не азначае, што яны забыліся пра свае карані. Проста не кожнаму хапае адвагі выйсці на сцэну раённага Цэнтра культуры і выступіць перад вялікай аўдыторыяй. А тым, хто не пабаяўся і не паленаваўся “на людзей паглядзець і сябе паказаць” – асаблівая пашана і гонар.

Юбілейны, пяты фестываль запомніўся чатырма дэбютамі. Ала Васільеўна Пашкоўская жыве ў Валожыне больш за сорак гадоў. Калісьці пакахала яна беларускага хлопца, які служыў у яе родным Яраславе. Выйшла замуж і пераехала на радзіму мужа. А. В. Пашкоўская актыўная ўдзельніца хору “Спяваючыя сэрцы”, але ролю салісткі на фестывалі “Шматгалоссе” прымерала ўпершыню. Гледачы шчыра апладзіравалі ёй за выдатнае выкананне песні “Гляжу в озера синие”.

Трынаццаць гадоў, як Доры сталі роднымі для сям’і Хліпуненка з Данецкай вобласці. Яны атрымалі беларускае грамадзянства, зрадніліся з нашым краем, але сваіх каранёў не забыліся. У іх доме заўсёды гучаць украінскія песні, а на стол падаюцца нацыянальныя стравы. Дарэчы, Вольга Міхайлаўна – выдатная кулінарка, што яна не прамінула даказаць і на фестывалі – гледачоў частавала пампушкамі прама падчас канцэрта, калі яе прыгажуня-ўнучка Кацярына Матанава спявала “Чырвону руту”.

Трэці дэбютант – цыганскі ансамбль сям’і Савва з Ракава. Сцэну запаланілі артысты ўсіх узростаў! Нават самыя маленькія стараліся ва ўсю даказаць, што ў іх жылах цячэ тэмпераментная кроў качавога народа. Завадны цыганскі танец так уразіў прысутных, што некаторыя не змаглі ўсядзець на месцы і кінуліся ў скокі.

Месца жыхарства сям’і Грыгаран цяпер – Івянец, а прыехалі яны сюды з горада Ташыр, што ў Арменіі. Сувязі са сваякамі падтрымліваюць праз Інтэрнэт, а на роднай мове размаўляюць між сабой. Самая вялікая мара малодшага пакалення Грыгаран – убачыць сваю гістарычную радзіму, славуты Арарат. Пра гэта была і песня “Мая Арменія”, якую праспявалі сярэдняя дачка Татэвік і малодшы сын Беніамін. А каб гледачы пераканаліся, што іх родная зямля сапраўды выключная, на мультымедыйнай устаноўцы дэманстраваліся фатаграфіі славутых мясцін Арменіі.

Другі раз удзел у “Шматгалоссі” прымаў ансамбль польскай песні “Івянчанка”. Слухаць іх зладжаны спеў было адно задавальненне! Уразілі і касцюмы дзяўчат: яркія, прадуманыя да дробязей.

Песня на мардоўскай мове ў акапэльным выкананні Ганны Харытонаўны Марачэўскай з Валожына напомніла яшчэ раз пра шматнацыянальную братнюю Расію. Туркменскія матывы прадставіла ў танцы Валянціна Мікалаеўна Каралёва з Вішнева, сям’я Мамеда Усубавіча і Асмар Аскяраўны Рашоевых з Даўбеняў энергічнай лезгінкай уславілі народнасць езідаў.

Найбольш нумароў было з украінскім акцэнтам, што маё сэрца сагравае асабліва. Люблю гэты народ, з яго прадстаўніком нават жыву пад адным дахам ужо больш за трыццаць гадоў. Сямейнаму дуэту Рыгора Іванавіча і Ларысы Дзмітрыеўны Гладчанкаў за жыццё давялося пажыць і ў Германіі, і ў Азербайджане, і ў Грузіі, і ў Рэспубліцы Комі, але галоўнай мясцінай на зямлі для іх стаў наш, цяпер ужо і іх, Валожын. А вось любімымі песнямі засталіся ўкраінскія, якія ў іх выходзяць асабліва зладжана і напеўна.

Чарнігаўчанка Тамара Аляксандраўна Язерская, на сцэне даўно не навічок, выйшла і разгубілася, потым прызналася: “Хвалююся!”. І яе выдатна ўсе зразумелі: замілаванне радзімай, жаданне падзяліцца сваімі пачуццямі, успамін пра ваколіцы, якія засталіся недзе далёка ў юнацтве… Усё гэта абуджае душу, наварочвае слёзы.

Алена ЗБІРЭНКА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий