СЯМ’Я – КВІТНЕЮЧЫ ВЯНОК НА РАЦЭ ЖЫЦЦЯ

Общество

Са старажытных часоў вобраз Маці знаходзіцца ў арэоле святла і міласэрнасці, вялікай самаахвярнасці ў імя сям’і. На раённым свяце, пра якое хачу расказаць чытачам раёнкі, вядучыя мерапрыемства ў сцэнарый свядома ўключылі наступны гістарычны факт.

…Жонкі багатых рымлян выхваляліся адна перад адной шыкоўнымі ўборамі і каштоўнымі ўпрыгажэннямі, а Карнелія Гракх вяла сябе сціпла і мудра. Яна – прадстаўніца слаўнага багатага роду, не казырала сваёй раскошай, бо галоўны сэнс жыцця бачыла ў дзецях. А іх нарадзіла дванаццаць. Калі Карнелію заможныя жанчыны папрасілі паказаць  дарагія ўпрыгажэнні, яна дала ім тонкі і высакародны ўрок: кіўнуўшы ў бок сваіх сыноў, шматдзетная маці ласкава сказала: “Вось мае дарагія ўпрыгажэнні!”.

З тых далёкіх часоў з развіццём цывілізацыі шмат што змянілася, але непадуладнымі часу засталіся самаахвярнасць жанчыны ў сям’і, бяздонныя крыніцы яе ласкі і спагады сэрца. Жанчыну не выпадкова называюць берагіняй, захавальніцай дамашняга ачага. Радуе, на нашай Валожыншчыне ёсць сотні сем’яў, якія можна назваць узорнымі ў выхаванні дзяцей, у захаванні маральна-этычных каштоўнасцей узаемаадносін паміж бацькамі, паміж дарослымі і нашчадкамі. І гэта пацвердзіла раённая прафілактычная акцыя “Здаровая сям’я”, якая праходзіла на сцэнічнай пляцоўцы ў гарадскім парку Валожына.

Многія аддзелы і ўпраўленні райвыканкама працавалі над падрыхтоўкай гэтага мерапрыемства. І яно атрымалася цёплым, нават я б сказала, сямейна-карпаратыўным. Здавалася, што “пад адным дахам” сабраліся людзі-аднадумцы, якія ведаюць сакрэты шчаслівай паўнавартаснай сям’і. Сцэнарый быў напісаны так, што, як у калейдаскопе, складваліся дзіўныя малюнкі сямейнага жыцця на розных яго этапах. Гледачы пазнаёміліся і з маладымі сем’ямі, і з прадстаўнікамі сярэдняга ўзросту, якія ведаюць сакрэты паспяховай шматдзетнай сям’і. Сімвалічны «ключ» ад шчасця і вернасці, увасоблены ў спецыяльным наказе, перадалі ў спадчыну маладым “патрыярхі”, якія пражылі разам паўвека. Шаноўныя госці адзін за адным выходзілі на сцэну і ўдала прэзентавалі сябе.

Удзельнікаў мерапрыемства і гледачоў шчыра прывіталі намеснік старшыні райвыканкама П. І. Бібік, намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, кіраўнік раённай арганізацыі “Беларускі саюз жанчын” З. М. Дубіна, супрацоўнік аддзела адукацыі Л. В. Кулак і іншыя асобы. Сем’і, якія былі запрошаны на свята, атрымалі каштоўныя падарункі і пачулі музычныя віншаванні ў свой адрас. А вялі праграму ўдзельніца знакамітага ансамбля “Гасцінец” Х. Лямбовіч з Ракава разам са сваім творчым памочнікам М. Палуйчыкам.

У час гэтай акцыі гледачы нібы пагарталі багатую сямейную хроніку раёна. У прыватнасці, стала вядома, што першай сямейнай парай у гэтым годзе сталі Аляксандр Спірыда і Святлана Амілаўская. Усяго ж  сёлета зарэгістраваны 63 шлюбы. А па звестках аддзела ЗАГС на Валожыншчыне нарадзіліся 126 дзетак, дарэчы, хлопчыкаў і дзяўчынак амаль пароўну. Адкрыла ж лік нованароджаных 1 студзеня дзяўчынка, якую нарадзіла  Вольга Іванаўна Шамай з вёскі Зарэчча Яршэвіцкага сельсавета.

Вядома, што сапраўдную радасць жыцця дзеці пазнаюць у поўных сем’ях. Можна назваць дзясяткі бацькоў, якія сэнс жыцця бачаць у дастойным выхаванні сваіх нашчадкаў. У нашым раёне налічваецца 398 шматдзетных сем’яў, дзе выхоўваецца 1328 непаўналетніх дзяцей. Хлопчыкі і дзяўчынкі, якіх горка пакрыўдзіў лёс, таксама атрымліваюць рэальны шанс на шчаслівае дзяцінства, юнацтва. Многіх з іх прытулі прыёмныя сем’і, а такіх налічваецца 15. Яшчэ 48 падлеткаў выхоўваюцца ў 39 апякунскіх сем’ях. І публіка шчыра апладзіравала гэтым міласэрным людзям. У ліку такіх Яску з Валожына, Брылевічы з Даўбеняў, Русецкія з Ракава і многія іншыя. Сёстры Наталля і Ніна Русецкія не толькі пачулі словы ўдзячнасці ў адрас сваёй вялікай сям’і, але і падарылі гледачам цудоўныя песні ў сваім таленавітым выкананні. Дарэчы, свой мастацкі прыродны дар дэманстравалі не толькі яны адны. Артыстычна выглядала на сцэне матушка Ганна Віктараўна Лінкевіч, якая валодае бездакорнымі вакальнымі данымі. У акружэнні сваіх родных людзей – мужа і дзетак, а іх у сям’і святара Храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў Гародзьках шасцёра, – гэта абаяльная жанчына глядзелася як сама высакароднасць, як чысты сімвал мацярынства.

Спадзяюся, што прыемна было пачуць віншаванні ў свой адрас і маладой валожынскай пары: ваеннаслужачаму Ягору Слізскаму і яго жонцы Таццяне – псіхолагу сацыяльна-педагагічнага цэнтра. Залатая пара, а разам яны ўжо паўвека, Рыгор Іванавіч і Ларыса Дзмітрыеўна Гладчанкі ўручылі гэтай сям’і наказ з  праверанымі “сакрэтамі” шчаслівага і трывалага сумеснага жыцця.

Шчыра вітала публіка і сямейную працоўную дынастыю Галіны Фёдараўны і Аляксандра Антонавіча Варапаяў з Валожына. Біяграфія іх і іх родных цесна звязана з Валожынскім філіялам “Маладзечанскі малочны камбінат”.

Добразычлівыя словы ў адрас галоўных ўдзельнікаў акцыі перамяжоўваліся з  канцэртнымі нумарамі, харэаграфічнымі кампазіцыямі, удалым музычным акампанементам.

Гэта раённая акцыя стала адпраўной кропкай для іншых шматлікіх мерапрыемстваў, якія будуць праводзіцца ў розных кропках раёна аж да кастрычніка бягучага года. Апафеозам гэтага сацыяльна-культурнага марафону восенню стане святкаванне традыцыйнага Дня Маці.

Ірына ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий