МАЛАДОСЦЬ, ПАМНОЖАНАЯ НА СТАРАННАСЦЬ

Общество

Даўно ўжо не здзівіш нікога тым, што моладзь можа займаць самыя адказныя пасады. Яшчэ і года не прайшло, як валожынскі юнак, стыльны і элегантны Аляксей Спічак у якасці маладога спецыяліста прыехаў у СВК «Пяршаі-2003». Спачатку працаваў загадчыкам майстэрняў, затым – інжынерам па аўтатранспарце, некаторы час выконваў абавязкі галоўнага інжынера гаспадаркі.

Калі Аляксей паступаў у Беларускі дзяржаўны агратэхнічны ўніверсітэт, то добра ўсведамляў, што жыццё давядзецца звязаць з сельскай гаспадаркай. Аднак, што будзе працаваць у лепшай па ўсіх паказчыках у Валожынскім раёне, нават не здагадваўся. Цяпер яго галоўная задача – апраўдаць аказаны давер. І першым вялікім выпрабаваннем на новай пасадзе стала пасяўная кампанія. Наперадзе ж – падрыхтоўка да касавіцы, жніва, а гэта значыць, давядзенне да ладу сенаўборачнай і зернеўборачнай тэхнікі.

Самым любімым у Аляксея ў гады вучобы быў прадмет «Трактары і аўтамабілі». Атрыманыя веды зараз прымяняе на практыцы. Сёння на яго плечы ўскладзена адказнасць за ўсю тэхніку ў гаспадарцы, а яе налічваецца больш за 70 адзінак, за людзей, якія на ёй працуюць, за іх бяспеку. Тыя работнікі, што знаходзяцца ў яго ў падпарадкаванні, — не проста падначаленыя, яны і памочнікі, і кансультанты, і нават настаўнікі для маладога спецыяліста.

Графік работы ў аграрыяў круглы год напружаны. Хапае клопатаў і ў інжынера. У шэсць гадзін раніцы пачынаецца працоўны дзень, а заканчваецца – пасля дзесяці вечара.

Душа маладога інжынера спакойная, пакуль тэхніка ў полі і працуе спраўна. Аднак здараюцца і форс-мажорныя сітуацыі.

Каб такі графік работы не здаваўся непамернай ношай, трэба быць у добрай фізічнай форме. А дзеля гэтага Аляксей разам з сябрам-аднагрупнікам Яўгенам Калітнікам, які працуе ў дылерскай службе райаграпрамтэхнікі, рэгулярна наведваюць трэнажорны зал ФАЦ «Надзея». Тут можна і стому пасля напружанага працоўнага тыдня зняць, і абмеркаваць вытворчыя пытанні, абмяняцца вопытам.

Аляксей не можа зараз з упэўненасцю сказаць, як складзецца далей яго працоўны лёс, аднак што вопыт, набыты ў перадавой гаспадарцы раёна, спатрэбіцца і надалей, ён не сумняваецца.

Святлана СУХАДОЛЕЦ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий