ДАВАЙЦЕ БУДЗЕМ УПРЫГОЖВАЦЬ ЗЯМЛЮ!

Культура

Да вайны мае родныя Янушкавічы былі ўсе ў прысадзе, як у вяночку. На кожным падворку – векавыя дрэвы. А ў цэнтры вёскі справа і злева раслі ліпы, іх кроны ўверсе перапляталіся, утвараючы своеасаблівы зялёны тунэль. 

Нярэдка дрэвы мелі назву па гаспадару, напрыклад, Казюкоў клён. Спрадвеку на гэтым клёне сяліліся буслы. Вяскоўцы заўважалі, што калі бусліха выкідвае адно буслянё, год выдасца неўрадлівым.

У 1943 годзе фашысты спалілі Янушкавічы, пагарэлі і дрэвы. Некалькі гадоў запар прыляталі буслы і ўсё шукалі Казюкоў клён. Людзі нават на адну ліпу зацягнулі птушкам барану, але крылатыя не рашыліся на ёй віць гняздо.

Самыя высокія дрэвы ў вёсцы служылі громаадводамі. Неяк раз маланка ўдарыла ў старую бярозу і спаліла яе ўшчэнт, а дом побач не пацярпеў. Дрэвы таксама абаранялі стрэхі будынкаў ад шквалістых вятроў, ад агню.

Каля кожнай дарогі на вёску заўсёды былі зялёныя пасадкі, дрэвы раслі воддаль ад дарогі, нікому не перашкаджалі. У Пяршаях па вуліцы Карла Маркса ссеклі ўсе да адной бярозкі. Людзі супраціўляліся гэтаму, потым прасілі аддаць ім хоць на дровы. Ды дзе там…

Раней, памятаю, дык было справай гонару садзіць паркі, сады, алеі. А цяпер? Адзін – садзіць, другі– выкарчоўвае. Спілоўваюцца нават рэдкія пароды дрэў…

40 гадоў не быў на радзіме былы фельчар Пяршайскай амбулаторыі Залецкі. Прыехаў у Янушкавічы і здзівіўся: “Гляньце, кусты нашы захаваліся!” А гэта – звычайная лаза, шыпшына, рабінка… А колькі пачуццяў выклікалі ў чалавека!

Паглядзіце, ці зялёныя ў нас аграгарадкі? Калі ўжо нельга садзіць дрэва на вуліцы з-за электраправадоў і газаправоду, то пасадзіце воддаль, каб ачышчалася паветра!

Давайце ўсімі сіламі, усёй грамадой будзем упрыгожваць нашу зямлю, а не знішчаць яе зялёны покрыў! Неяк мне давялося ехаць па Стаўбцоўшчыне. Дык вось там дарогі абсаджаны дрэвамі з пышнымі кронамі, і ніхто не скардзіцца, што яны перашкаджаюць руху. Запрашаю ўсіх выйсці на пасадку дрэў у населеных пунктах. Няхай кожная школа пасадзіць уласны парк, алею ці сад.

А калі ва ўстанове, школе ці арганізацыі будзе мяняцца кіраўнік, то перадаваць зялёныя насаджэнні неабходна па акце, як найвялікшую каштоўнасць.

Данута ШАЎЛОЎСКАЯ,

жыхарка вёскі

Янушкавічы.

P.S. Нашаму Пяршайскаму сельвыканкаму гатова паставіць “дзясятку”: хаця старшыні сельсавета і мяняліся часта, але дэндрарый прыгожы захавалі.

 



Добавить комментарий