ВОПЫТ І НАВАТАРСТВА

Официально

Раённая арганізацыя прафсаюза бачыць сваю задачу ў тым, каб захоўваць і выкарыстоўваць жыццёвы і педагагічны вопыт ветэранаў педагагічнай працы і прафсаюзнага руху для развіцця сістэмы адукацыі. Не менш важна, каб нашы былыя калегі не былі абдзелены ні добрым словам, ні ўвагай.

У нашай арганізацыі – 345 педагогаў-ветэранаў. Большасць з іх – непрацуючыя, ёсць адзінокія, інваліды, удзельнікі вайны. Зразумела, што спагада з боку маладога пакалення для такіх людзей – сапраўдная крыніца псіхалагічнай і матэрыяльнай падтрымкі. Сярод настаўнікаў-пенсіянераў 18 асоб маюць званне “заслужаны”, 11 узнагароджаны ордэнамі і медалямі, 7 – выдатнікі адукацыі. Бясспрэчна, што іх багаты вопыт павінен быць запатрабаваны і выкарыстаны ў сучасным выхаваўча-адукацыйным працэсе.

Выбраны і працуе раённы Савет ветэранаў педагагічнай працы і прафсаюзнага руху, які ўзначальвае чалавек актыўнай жыццёвай пазіцыі Святлана Леанідаўна Садоўская. У дзевяці ўстановах адукацыі таксама дзейнічаюць Саветы ветэранаў, дзе працуюць людзі аўтарытэтныя і заслужаныя. Ветэранскі актыў з’яўляецца першым памочнікам райкама прафсаюза і рэгенератарам ідэй пры планаванні і правядзенні работы. Зараз унікальны педагагічны вопыт выкарыстоўваецца праз настаўніцтва, ветэраны задзейнічаны ва ўсіх масавых мерапрыемствах, а тым, хто трапіў у складаныя жыццёвыя ўмовы, аказваецца пэўная дапамога.

Прафсаюзныя актывісты сумесна з кіраўніцтвам устаноў адукацыі і вучнямі праводзяць працоўныя дэсанты па добраўпарадкаванні двароў, пасадцы агародаў, уборцы ўраджаю, нарыхтоўцы дроў, ачыстцы ад снегу. У калектыўных дагаворах кожнай школы ўнесены пункт аб цэнтралізаванай дастаўцы паліва на зіму непрацуючым настаўнікам-пенсіянерам, нарыхтоўцы садавіны і агародніны.

Станоўчы і выніковы вопыт маюць прафсаюзы СШ № 1 і СШ № 2 г. Валожына, гімназіі № 1, Ракаўскай СШ, Івянецкай СШ, Гародзькаўскай школы-сада, Дорскай школы-сада, Яршэвіцкай школы-сада. Педагогі-ветэраны – заўсёды жаданыя госці на ўрачыстасцях і святах школьных калектываў, яны ўдзельнічаюць у турыстычных паездках і экскурсіях, з’яўляюцца членамі журы конкурсаў педагагічнага майстэрства і мастацкай самадзейнасці.

З найбольш паспяховых і цікавых мерапрыемстваў можна адзначыць сумеснае пасяджэнне Савета ветэранаў педагагічнай працы і прафсаюзнага руху, грамадскага Савета па справах моладзі і маладых педагогаў раёна, сумесную акцыю Савета ветэранаў і прэзідыума райкама прафсаюза “Прафсаюзы-дзецям”, раённую сустрэчу былых дырэктараў устаноў адукацыі і былых работнікаў аддзела адукацыі, сустрэчу з ветэранамі Івянецкага рэгіёна, Калядныя сустрэчы, пасадку ветэранскай алеі ў Івянцы.

Добрых слоў заслугоўвае актыўная пазіцыя ветэранаў педагагічнай працы Т. І. Інфаровіч, В. А. Раманоўскага, М. П. Чэпік, Т. А. Шакун, М. І. Шумкай, В. І. Пліскоўскага, Г. К. Янушкевіч, М. І. Вайцюлевіча, М. А. Шакун, М. Ф. Бардзіновіч, Т. А. Бутовіч, В. Ф. Германа, Н. У Бобрык і многіх іншых. Яны заўсёды ў страі, адгукаюцца на ўсе прапановы, іх жыццё па-ранейшаму злучана са школай, з нашай прафсаюзнай арганізацыяй.

Марыя КАМІНСКАЯ,

старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *