ПАКЛІКАЛА СЭРЦА Ў ДАЛЁКІ ШЛЯХ…

Официально

Каб ад’язджаць,

Дарогу трэба мець,

А каб вяртацца,

Трэба мець радзіму…

Гэтыя вельмі трапныя словы напісаў беларускі паэт. Але падобны глыбокі сэнс напісанага не раз быў выказаны і ў творах іншых паэтаў з розных краін свету. Бо на якой бы мове не гучала прызнанне ў адданасці роднаму куточку, яно заўсёды будзе шчырым, пранізліва-ўзнёслым.

Для Шымона Перэса – вядомага палітычнага дзеяча аднолькава важныя паняцці “вёсачка Вішнева”, дзе пачалося яго жыццё, “Ізраіль” – радзіма на Блізкім Усходзе, дзе адбылося яго ўзыходжанне на палітычны алімп. Покліч памяці настойліва прабіваецца праз гады і адлегласці. У жніўні нашаму славутаму земляку, ураджэнцу Вішнева, споўніцца 90 гадоў.

Дыстанцыя яго жыцця вялікая, яна ўмясціла шмат розных падзей, сустрэч, уражанняў, але малая радзіма па-ранейшаму не забываецца. Тры разы быў Шымон Перэс з афіцыйным і неафіцыйным візітамі ў Беларусі. І заўсёды абавязкова наведваў родную вёску ў маляўнічым атачэнні зялёных прысад і блакітнай гладзі возера. Апошні раз ён прыязджаў сюды 15 гадоў таму. Піў з калодзежа, дзе некалі стаяла сядзіба бацькоў, сцюдзёную ваду, хадзіў, паглыблены ў думкі, сцяжынамі сваіх продкаў. Гэта былі ўспаміны хвалюючыя. Гэты былі хвіліны роздуму над мінулым, над перажытым, над тым, што наканаваў лёс. Малая радзіма жыве ў сэрцы заўсёды. Гэта моцныя карані памяці. Не выпадкова і летась сэрца Ш. Перэса так засумавала па беларускай старонцы, што ён папрасіў перадаць у Ізраіль святое – скарбоначку з роднай зямлёй. Гэта пацвярджэнне не толькі светлай памяці, гэта і голас болю, бо ў трагічныя саракавыя гады ахвярамі нацызму сталі ў Беларусі не толькі яго сапляменнікі, але і блізкія сваякі. Гэта трагедыя ўвекавечана ў Вішневе памятным мемарыялам. Больш за 800 тысяч яўрэяў толькі на тэрыторыі нашай рэспублікі былі закатаваны фашыстамі. Больш за 2000 загінулі толькі ў гэтым населеным пункце. Ад рук нацыстаў разам з іншымі абарвалася жыццё ў гады Вялікай Айчыннай вайны і дзеда Шымона Перэса – равіна Цві Мельцара. Яго спалілі немцы ў мясцовай сінагозе. Гэту горкую трагічную памяць берагуць нашчадкі.

На здымку: дачка Шымона Перэса Цвія Вальдэн, намеснік старшыні аблвыканкама Аляксандр Юшкевіч, Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Ізраіля ў Беларусі Іосіф Шагал на мерапрыемстве ў Вішневе.

29 мая бягучага года на месцы былой трагедыі ў Вішневе стаяла дачка ізраільскага прэзідэнта, названая, дарэчы, у гонар прадзеда – Цвіяй. Бачна было, які каскад перажыванняў, эмоцый абрушыўся на гэту мініяцюрную з выгляду жанчыну, і колькі душэўных сіл ёй гэта каштуе. Выступаючы на жалобным мітынгу, Цвія Вальдэн, прафесар філалогіі, гаварыла пра важнасць беражлівага захоўвання памяці пра мінулае, гаварыла пра свае адчуванні ў час наведвання радзімы бацькі, сваіх продкаў. На мітынгу прысутнічалі многія афіцыйныя асобы. У іх ліку і першы намеснік старшыні аблвыканкама А. М. Юшкевіч, старшыня райвыканкама У. А. Наумовіч, Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Ізраіля ў Беларусі Іосіф Шагал, старшыня Еўрапейскага адукацыйна-культурнага праекта Хаім Чэслер, а таксама рабін і іншыя шматлікія госці з Ізраіля.

Прыехаў і лаўрэат Ленінскай і Дзяржаўных прэмій, вядомы беларускі архітэктар, кіраўнік яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў Леанід Мендэлевіч Левін – адзін з аўтараў мемарыяла Хатынь. Дарэчы, і ў распрацоўцы праекта помніка ў Вішневе ён прымаў непасрэдны ўдзел. Гэты помнік сімвалізуе сэрцы загінуўшых яўрэяў, скаваныя ў адзін камяк вялікага болю, адчаю, калі людзі-пакутнікі адыходзілі на той свет па жорсткай волі разлютаваных фашыстаў.

Усе выступаючыя на мітынгу падкрэслівалі, што важна не толькі памяць сама па сабе, а вельмі важна, каб і наступныя пакаленні бераглі, разумелі гэту горкую праўду мінулай гісторыі.

Урачысты мітынг стаў кульмінацыяй візіту яўрэйскай дэлегацыі. Прафесіянальнае вакальнае суправаджэнне вядомай капэлы “Санорус” стварала асаблівую атмасферу. Прагучаў і фрагмент яўрэйскага песнапення “Кадзіш” М. Равэля. На месцы гібелі яўрэяў быў адслужаны памінальны малебен.

…Ужо “культавым” турыстычным аб’ектам для кожнай яўрэйскай дэлегацыі, якая прыязджае на нашу зямлю, стаў калодзеж, што размешчаны на колішняй сядзібе Перскіх (менавіта так раней гучала тут прозвішча Ш. Перэса). Як свяшчэнны рытуал, замежныя госці ўспрымаюць магчымасць напіцца вады з нетраў вішнеўскай зямлі. Яе, у ліку іншых эпітэтаў, яўрэі ўзнагародзілі і такім – “гаючая”.

Магчымасцю адведаць вады з вясковай студні была вельмі расчулена і дачка Ш. Перэса. А хвілін, калі сэрца пачашчана білася, Цвіі Вальдэн прыйшлося ў той дзень перажыць нямала. Гэта было звязана і з адкрыццём мемарыяльнай дошкі ў гонар яе бацькі на жылым доме, у двары якога і стаіць цяпер такі папулярны ў турыстаў калодзеж.

Шымон Перэс, улічваючы яго пачцівы ўзрост, не змог прыбыць у складзе дэлегацыі ізраільцян. Але яго прысутнасць на Вішнеўшчыне 29 мая была амаль рэальнай. Гэта адчуванне стварала маштабная экспазіцыя фотаздымкаў. Пра яе падрыхтоўку паклапаціліся члены праекта Лімуд-СНД, пасольства Ізраіля ў Рэспубліцы Беларусь, саюз яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын, а таксама Мінскі аблвыканкам. Тут былі прадстаўлены ўнікальныя здымкі з багатай на падзеі біяграфіі гэтага легендарнага чалавека, які ў 1923 годзе нарадзіўся ў беларускай вёсачцы на вуліцы Віленскай.

Некаторыя з фотаздымкаў я спецыяльна перафатаграфавала, каб чытачы раёнкі змаглі бліжэй пазнаёміцца з жыццёвым шляхам лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру, дзявятага прэзідэнта Ізраіля Шымона Перэса. Выстава была разгорнута на другім паверсе Вішнеўскага дома культуры. Дарэчы, у жніўні яна будзе экспанавацца ў залах раённага музея. Яе варта наведаць!

Зразумела, прыехаць у наш раён і не пабываць ля “маці ўсіх іешыў” – проста недаравальна. Надоўга затрымаліся тут і замежныя госці. Іешыў у Беларусі нямала, але валожынская пераўзыходзіць усе па сваім ранейшым высокім статусе і значэнні ў гісторыі яўрэйскага народа. Многія славутыя людзі некалі вучыліся ў гэтых сценах. Замежныя госці прыгадалі некаторых персон. Тут у свой час займаўся дзед прэм’ер-міністра Ізраіля Біньяміна Нетаньягу. Тут спасцігаў мудрую навуку знакаміты яўрэйскі паэт Хаім Бялік. Ён, свавольнік, аднойчы надумаўся курыць у шабат. За гэтым учынкам быў запеленгаваны сваім строгім бацькам і выгнаны з іешывы. З гэтай установай звязаны ўспаміны і цяперашняга кіраўніка канцылярыі прэм’ер-міністра Ізраіля…

Замежныя госці некалькі хвілін правялі перад фасадам гістарычнай пабудовы. Уваход зачынены на замок. Ужо параўнальна даўно памяшканне перададзена рэспубліканскай яўрэйскай рэлігійнай абшчыне. Менавіта за абшчынай і застаюцца ініцыятыва і канкрэтныя дзеянні па рэстаўрацыі, заснаванні і адкрыцці тут духоўна-культурнага цэнтра. Калі гэта адбудзецца – ніхто пакуль канкрэтных прагнозаў на гэты конт не дае.

Госці з Ізраіля шчыра падзякавалі мясцовай уладзе за добраўпарадкаванне гэтай гістарычнай часткі Вал

ожына.

…У той дзень руская, беларуская, яўрэйская, англійская мовы прыгожа перапляліся ў адзін сугучны ўзор сяброўства. Шаноўных гасцей вітаў знакаміты “Гасцінец” з Ракава. Члены замежнай дэлегацыі з вялікім жаданнем фатаграфаваліся з нашымі артыстамі ў нацыянальных беларускіх строях. З апетытам елі каравай, а некаторыя бадзёра прытанцоўвалі пад нашы народныя мелодыі. Нешта роднае, светлае адчулі і перажылі яны на гэтай адвечнай зямлі, дзе некалі жылі яўрэі ў згодзе і суладдзі з іншымі народамі.

У кнізе ганаровых гасцей дачка Шымона Перэса зрабіла памятны  запіс. Цвія Вальдэн сардэчна падзякавала за цёплы прыём на валожынскай зямлі. У канцы свайго водгуку паставіла дату прыезду. Гэта для яе надзвычай памятная падзея. Дарэчы, па яўрэйскім календары цяпер ідзе 5774 год ад стварэння свету…

На цыферблаце памяці гэты майскі дзень будзе адлічваць асаблівыя хвіліны. Хвіліны, якія людзі адчулі сэрцам. Моцныя карані памяці трымаюць кожнага чалавека на гэтай зямлі. У адным са шматлікіх інтэрв’ю дачка ізраільскага прэзідэнта прызналася, што яна хоча вярнуцца сюды яшчэ раз. Праўда, цяпер ужо як добрая знаёмая, а не як далёкая госця…

Ірына ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *