Справiцца цяжка, але магчыма

Общество

Анкалагічнае захворванне не прыгавор. З такой паталогіяй справіцца хоць і цяжка, але можна. Захворванне злаякаснымі новаўтварэннямі ў свеце складае 328,8 на 100 тысяч насельніцтва. У нашай рэспубліцы на першым месцы сярод анкапаталогій у жанчын — рак малочнай залозы і маткі, у мужчын – рак лёгкіх і прастаты.

Рак прастаты – частая злаякасная пухліна ў мужчын. Асноўным фактарам рызыкі з’яўляецца ўзрост: чым старэйшы мужчына, тым узрастае рызыка захварэць на рак прастаты. Хвароба можа суправаджацца такімі сімптомамі, як болі ў паясніцы, бёдрах, праблемы з мочаспусканнем. На ранніх стадыях, калі хвароба яшчэ можа быць цалкам вылечана, сімптомы, як правіла, не праяўляюцца.

У даклінічнай стадыі выяўленне раку малочнай залозы магчыма толькі пры спецыяльна арганізаваным дыспансерным абследаванні, уключаючы мамаграфію. Так выяўляюцца пухліны дыяметрам да 0,5 см, якія не могуць быць выяўлены пры пальпацыі. Звычайна жанчына сама знаходзіць пухліну і звяртаецца да ўрача. У гэты перыяд яе дыяметр ужо дасягае 2-5 см. Пухліна – гэта вузел шчыльнай кансістэнцыі, бязбольны, паверхня яго няроўная, контуры не яскрава акрэслены. Маршчыністая скура над пухлінай указвае на тое, што яна інтэнсіўна расце ў накірунку скуры. Можа з’явіцца ацёк скуры арэолы або саска, яго дэфармацыя. Цяжкасці пры пастаноўцы дыягназу «рак малочнай залозы» ўзнікаюць толькі на пачатковых стадыях.

Рак шыйкі маткі – таксама сур’ёзная медыцынская праблема, узнікае ў жанчын пасля 40 гадоў. Хваробе папярэднічаюць так званыя перадракавыя працэсы: хранічнае запаленне шыйкі маткі, псеўдаэрозіі, цэрвікоз, лейкаплакія і інш. Пухліна звычайна ўзнікае ў малым тазе. Зрэдку адзінай прыкметай раку яечнікаў з’яўляецца асцыт, пры гэтым пухліна мае малыя памеры і не выклікае ніякіх скаргаў. Класічныя сімптомы (белі, кровацячэнне, болі) праяўляюцца пры запушчаным працэсе. На ранняй стадыі рак шыйкі маткі працякае практычна бессімптомна.

Дыягностыка ўсіх згаданых раней анказахворванняў пры развітым працэсе не ўяўляе складанасці. Наяўнасць характэрных скаргаў хворых, пальпіруемай пухліны, узнікненне болевага сімптому, яскравыя прыкметы пры клінічных і інструментальных абследаваннях, біяпсія падазронага ўчастка і далейшае гісталагічнае абследаванне ва ўсіх выпадках дазваляюць паставіць правільны дыягназ. Вельмі важна распазнаць пухліну на ранніх стадыях, і тады сучасныя метады даюць самы станоўчы вынік. Сёлета ў райбальніцы ўкаранёны сучасны высокаспецыфічны інструментальны метад даследавання крыві пацыентаў на выяўленне антыгенаў, якія павялічваюцца пры развіцці рака малочнай залозы, яечнікаў, прастаты.

Даследаванне крыві на ПСА вызначае спецыфічны антыген, які павялічваецца пры дабраякаснай і злаякаснай гіперплазіі прастаты. У мужчын да 60 гадоў паказчык 4 нг/мл выклікае падазрэнне, а большы за 15 нг/мл патрабуе дадатковага абследавання. У асоб, старэйшых за 60 гадоў, узровень ПСА да 7 нг/мл разглядаецца як нармальны. Спецыфічны антыген СА 125 крыві выкарыстоўваецца як маніторынг хворых з адэнакарцыномай яечнікаў. Павышэнне гэтага паказчыка ў крыві (больш за 35 адз/мл) можа быць сігналам пры картыноме маткі, адэнакартыноме падстраўнікавай залозы, гепатоме, а таксама пры паталогіі непухліннай прыроды – цырозе печані, інтэрстыцыяльных захворваннях лёгкіх. Вызначэнне СА 15.3 выяўляе антыген, узровень якога павышаецца пры развіцці раку малочнай залозы.  Павышэнне паказчыка вышэй за 30 адз/мл магчыма і пры іншай паталогіі – раку яечнікаў, лёгкіх, шыйкі маткі і страўнікава-кішэчнага тракту. Выяўленне змяненняў у паказчыках яшчэ на клетачным узроўні дазволіць выявіць паталогію на першай стадыі. А ад гэтага залежыць прагноз страшнага захворвання.

Ала КАРПАЧ,

урач-анколаг райбальніцы.

 



Добавить комментарий